Школа фалькларыстаў ДУ ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“ працягвае сваю дзейнасць. Больш за 30 спецыялістаў па фальклору з 14 раёнаў Віцебскай вобласці сталі ўдзельнікамі другой яе часткі.
Адбыліся цікавыя і пазнавальныя сустрэчы з традыцыямі, якія бытуюць у натуральным асяроддзі. Майстар –клас па традыцыйным купальскім спевам ад Гарадоцкага, Верхнядзвінскага, Лёзненскага, Полацкага раёнаў, майстар- клас па побытавым танцам ад удзельнікаў фальклорнага калектыву ”Крывія“ ДУК ”Сенненскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці“.
Перад удзельнікамі школы выступіла Боганева Алена Міхайлаўна, загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі якая паведаміла аб методыцы збіральніцкай работы па фальклоры. З тэмай ”Лакальна-рэгіянальнае вывучэнне традыцыйнага фальклору Віцебшчыны. Другое жыццё бабуліных спеваў. Прэзентацыя кнігі ”Духоўна-культурная спадчына Гарадоцкага краю“ выступіла Рэзкіна Лілія Пятроўна – начальнік аддзела традыцыйнай культуры ДУ ”Віцебскі АМЦНТ“.
Цікавым і сапраўдным атрымаўся абрад ”Розгары“ у аг. Лукомль Чашніцкага раёна на які прыйшлі амаль усе жыхары вёскі. Абрад ”Розгары“ Віцебскай вобласці пастановай Міністэрства культуры 22.10.2020 № 75 уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Ён вядомы з ХVIII стагоддзя (гэта былі ўспаміны Феадосіі Іосіфаўны Дубіцкай 1838 г.н. – бабулі Дар’і Рыгораўны Дубіцкай, прабабулі Эмы Ягораўны Багатыровайі перадавалася ад пакалення да пакалення). Запісаны работнікамі метадычнага цэнтра, былым дырэктарам Лукомльскага сельскага Дома культуры Садоўскай Тамарай Барысаўнай, кіраўніком фальклорнага калектыву ”Вяскоўцы“ Багатыровай Эмай Ягораўнай у 1990 годзе ад жыхароў-носьбітаў вёскі Ротна Лукомльскага сельскага Савета Дубіцкай Наталлі Андрэеўны, 1914 года нараджэння і Старавойтавай Лідзіі Фёдараўны, 1932 года нараджэння. Асноўныя ж абрадавыя функцыі неслі жанчыны. Чашніцкія “Розгары” выяўна прадэманстравалі вельмі архаічны і сэнсава важкі элемент абходу двароў, на сёння даволі рэдукаваны ў палескім варыянце абраду. Удзельнікі працэсіі падыходзяць да кожнай хаты, асабліва да тых, гаспадыня адкуль не далучылася да шэсця, і спецыяльнай песняй выклікае яе на вуліцу. Ля падворкаў адбываўся вельмі важны для вяскоўцаў структурны элемент абраду – і ў сённяшні час асабліва – праходжання праз вянок з пажаданнямі здароўя і багацця.
Школа фальклору ДУ ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“ – гэта пазнавальная і невычэрпная крыніца па зберажэнню і развіццю традыцыйнай культуры Віцебшчыны. Танцы, спевы, абрады і звычаі роднага краю – гэта чысцінка гісторыі, якую неабходна захаваць і перадаць нашчадкам.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *