17 чэрвеня 2023 года ў г.п.Лёзна адбылося ХІV абласное свята-конкурс самадзейных паэтаў і кампазітараў ”Песні сунічных бароў“, прысвечанае Году міра і стварэння.
Амаль 100 удзельнікаў аматарскіх аб’яднанняў, клубаў, калектываў з 16 раёнаў Віцебскай вобласці і Смаленшчыны спаборнічалі ў напісанні і чытанні паэтычных твораў, складальніцтве і выканальніцтве песень, музычных кампазіцый. Пад час конкурсу таксама адбыліся прэзентацыі 10 літаратурных пляцовак ”Пад сунічным абажурам“.
Творчасць самадзейных паэтаў і кампазітараў ацэньвала кампетэнтнае журы на чале з намеснікам начальніка аддзела культуры Віцебскага аблвыканкама Агеевым Алегам Аляксеевічам, сярод членаў журы – поўны кавалер дзяржаўных узнагарод Францыска Скарыны, лаўрэат першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА ”Саюз пісьменнікаў Беларусі“ Тамара Краснова-Гусачэнка, а таксама таленавітыя, вядомыя на Віцебшчыне і за яе межамі дзеячы культуры і мастацтва – Альберт Белусь, Валерый Бруйко, Леанід Маліноўскі, Мікалай Намеснікаў, Васілій Мядзюха і Аляксей Агееў, які стаяў у самых вытокаў брэндавага Лёзненскага свята ”Песні сунічных бароў“. У 7 конкурсных намінацыях журы вызначыла 25 пераможцаў і прызёраў.
Але свята не было абмежавана конкурснымі мерапрыемствамі. У межах праграмы адбыліся: музейныя чытанні ”Вайна і мір у паэзіі і прозе“, прэзентацыі, выпушчаных літаратурнымі аб’яднаннямі за апошні час, аўтарскіх і калектыўных зборнікаў. Жыхары Лёзна і госці гарадскога пасёлка сталі ўдзельнкамі мітынгу ”Боль. Памяць. Перамога“, цырымоніі ўскладання кветак да мемарыялу ”Адаменская горка“. Парк ”Школьны“ запрашаў пачаставацца дранікамі і іншымі прысмакамі на свяце рэгіянальнай кухні ”Лёзненшчына смачная“, пазнаёміцца з нематэрыяльна-культурнай каштоўнасцю ”Стравы з таркаванай бульбы – традыцыі прыгатавання і ўжывання“. Вельмі уражылі гледачоў канцэртныя выступленні вакальнай групы ансамбля танца, музыкі і песні ”Талака“, эстраднай студыіі ”Тандэм“ і г.д. Ужо пад вечар ва ўсіх жадаючых была магчымасць пабываць на свяце, прысвечаным Дню моладзі, на дыскатэчных праграмах, падзівіцца на відовішчнае фаер-шоу.
”Песні сунічных бароў“ нездарма з’яўляецца адным з самых яркіх і любімых летніх мерапрыемстваў, бо шмат сонца, сяброўскіх усмешак, мора эмоцый і канешне спелыя суніцы на доўгі час пакінуць добры настрой і лепшыя ўспаміны ў кожнага ўдзельніка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *