З 5 лістапада па 5 снежня 2020 года ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адбудзецца VI адкрытая абласная выстаўка інсітнага мастацтва “INSITUS– 2020”, прысвечаная 380-годдзю з дня нараджэння разьбяра і друкара Васіля Кораня, стваральніка Бібліі ў карцінках для народа.

Ілюстраваная Біблія Васіля Кораня з’яўляецца знакавым творам народнага мастацтва, друкарскага рамяства і духоўнай культуры ХVІІ стагоддзя. Даследчыца Г. Г. Саковіч піша пра яе, як пра самы яркі і прынцыпова новы твор рускай гравюры і кнігі ХVІІ ст., а таксама новы жанр у мастацтве – лубок. П’ер Луі Душартр сцвярджае, што дадзены твор можна лічыць першым узорам славянскага стылю ў гравюры. Біблія была надрукавана ў Маскве майстрам беларускага паходжання: Васіль Корань нарадзіўся ў Дуброўне, буйным рамесным цэнтры Вялікага княства Літоўскага. Экспазіцыя выставы складаецца з двух частак.

У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці будзе размешчана калекцыя рэканструкцый графічных аркушаў Бібліі Васіля Кораня, зробленых маскоўскім мастаком, прэзідэнтам Акадэміі народнага мастацтва Віктарам Пензіным, а таксама рэтраспектыўны раздзел твораў інсітнага мастацтва канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя. Тут глядач зможа пабачыць творы шырока вядомых за межамі Беларусі мастакоў: Хведара Максімава, Мікалая Байцова, якія прадстаўлялі Рэспубліку Беларусь на Міжнароднай выставе-трыенале “Інсіта-97” у Браціславе (Славакія); Пятра Зяляўскага, аўтара ансамбля манументальнай сакральнай скульптуры (в. Слабодка Браслаўскага раёна); Марыі Ларынай, стваральніцы дыванкоў народнага жывапісу, і шмат іншых знакамітых народных мастакоў Віцебшчыны.

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі будуць прадстаўлены творы замежных сябраў праекта: Антона Ляховіча (г.Тракай, Літва); Святланы Дружковай, Уладзіміра Гарохава (г.Санкт-Пецярбург, Расія); мастака, сцэнарыста і пісьменніка Юрыя Пяткевіча (Беларусь/Расія); сусветнавядомага мастака-прымітывіста са Светлагорску Сяргея Коваля. Пачэснае месца займуць творы самабытных мастакоў-самавукаў з Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай абласцей. Падчас адкрыцця выстаўкі адбудзецца прэзентацыя альбома “Антаніна Маісеева. Жыццё ў карцінках: жывапіс, графіка, успаміны, вершы”.

Галоўнай тэмай выстаўкі з’яўляецца арткніга і сінтэз візуальнага вобраза і слова ў непрафесійным выяўленчым мастацтве. Значнае месца займуць творы на тэмы: гісторыя і культура роднага края праз народнае вытлумачэнне; вобразы народных герояў і творцаў: майстроў, асветнікаў, літаратараў, мастакоў. Асобную тэматыку складуць творы духоўна-рэлігійнага і візіанерскага характару (прадбачанне, прадказанне, рэлігійнае адкрыццё). Абавязковым раздзелам застаецца традыцыйная тэма паўсядзённасці жыцця, народных святаў і сямейных абрадаў, рамесна-земляробчай і любоўна-сямейнай ідыліі, прыгажосці і багацця прыроды, вобразаў народнай смехавай культуры. Падчас адкрыцця выстаўкі народны майстар з Глыбокага Віктар Дудкевіч прадэманструе старажытную тэхналогію друкавання на рэканструяваным варштаце.

У сусветнай мастацкай практыцы ўпершыню тэрмін “insita” (дадзены ад прыроды) у дачыненні да творчасці непрафесійных мастакоў быў ужыты славацкім даследчыкам Штэфанам Ткачом у 1966 г. Прадгісторыя інсітнага мастацтва Віцебскай вобласці бярэ пачатак у гарадской народнай культуры ХVІІ ст. (народны абраз, сценапіс, гарадская шыльда, драўляная скульптура). У ХХ ст. інсітнае мастацтва звязана з рознымі жанрамі малярскага рамяства (гарадская рэкламная шыльда, дэкарацыі фотаатэлье, маляваныя дываны), з мастацкай школай Ю. Пэна, сусветна-вядомага мастака М. Шагала; у заходніх раёнах вобласці з творчасцю Я.Драздовіча. Да 1980-х гг. творчасць мастакоў-самавукаў развівалася на двух узроўнях: ў межах народнай вясковай культуры і арганізаванага аматарскага руху пры дзяржаўных установах культуры. На працягу 1960-1980-х гг. сталі вылучаць больш вузкі напрамак непрафесійнай творчасці, які атрымаў першапачаткова дэфініцыю “прымітыў”, а ў 1990-х – “іnsітa”. У 1991 годзе Віцебскі абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культасветработы правёў першую абласную выставу “Талент шчырага сэрца. Мастацтва Insitus” і стаў ініцыятарам наступных Нацыянальных выстаў наіўнага мастацтва “Insita” (1994, 2000, 2008, 2012, 2016 гг.), чатыры апошнія з якіх адбыліся ў Віцебску. У 2020 г. у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь быў уключаны элемент “Традыцыя інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны”.

У якасці духоўных вартасцей інсітнага мастацтва вызначаюць яго непарыўную сувязь з жыццёвымі абставінамі творцы, інспіраванасць выклікамі яго лёсу, прымацаванасць творчасці да роднага краю з усімі яго рэаліямі. Глядацкую аўдыторыю інсітнага мастацтва прываблівае паэтыка рамесна-працоўнай, земляробчай, любоўна-сямейнай ідыліі. У суб’ектыўнай наратыўнасці інсітнага творцы заўсёды прысутнічаюць агульнавыпрацаваныя народам адзнакі гістарычных падзей, каштоўнасці народнай этыкі, адметныя формы нацыянальнага жыцця.

Мастацка-стылёвыя вартасці інсітнага мастацтва, звязаныя з першаснасцю творчага працэсу, цэласным і непасрэдным светаўспрыманнем, своеасаблівым для кожнага аўтара спосабам самавыяўлення. Ідылічна-казачная карціна свету і гратэскны рэалізм складаюць вобразную аснову інсітнага мастацтва, таксама могуць прысутнічаць тэмы экзістэнцыяльнага і візіанерскага характару. Ідэаграфічнасць, рэдукцыя вобразу да архетыпу, міфалагічная свядомасць заўсёды выдаюць інсітнага мастака. Яго творчы метад адзначаны элементамі мадэлявання вобразу па памяці, ці па ўяўленню. Інсітны творца працуе ў розных жанрах і з рознымі матэрыяламі, але пераважаюць графіка, жывапіс, дэкаратыўнае маляванне (дываны), пластыка (разьба па дрэве, мармуры, лепка з гліны, пластыліну, гіпсу, цыменту), брыкалаж (аб’екты з падручных матэрыялаў).

Людміла Вакар,
кандыдат мастацтвазнаўства,
вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *