Тэхналогія аплятання бяростай ганчарнага посуду ў Віцебскай вобласці

Адным з найстаражытных і пашыраных рамёстваў з’яўляецца ганчарства. Сярод разнастайных ганчарных вырабаў, сваім каларытным аздабленнем вылучаецца посуд, абгорнуты берасцянымі стужкамі. Бяросту пачалі ўжываць у якасці матэрыяла для рамонту разбітага альбо трэснутага керамічнага посуду яшчэ ў эпоху неаліта, калі на нашых землях толькі з’явілася ганчарства. Кару з абодвух бакоў накладалі на месцы пашкоджанняў і замацоўвалі шнурком, які прасоўваўся праз загадзя прасвідраваныя адтуліны ў чарапку. Пасля гэтага пасудзіну можна было выкарыстоўваць далей, але толькі для захавання сухіх рэчываў. З цягам часу змянілася як тэхналогія вырабу керамікі, так і спосабы яе рамонту. Пашкоджаны посуд пачалі змацоўваць з дапамогай перапляцення тонкіх берасцяных стужак, што пазбавіла ад неабходнасці ў свідраванні адтулін для шнуркоў. Надзейных дадзеных, аб тым калі на тэрыторыі Беларусі ўзнік такі спосаб рамонту няма. Пэўную інфармацыю пра гэту традыцыю на Віцебшчыне паведаміў М.Я. Нікіфароўскі. Паводле яго звестак аплётку рабілі для трываласці на самых розных відах часта толькі набытага і не пашкоджанага посуду: слоіках, гарлачах, гаршчках, “кухліках”, гляках пасля чаго яны атрымоўвалі яшчэ і агульную назву “берасцень” (у арыг. “бирисцень). Абгортвалі бяростай нават чарапкі разбітых гаршчкоў альбо збаноў, якія потым служылі ў якасці сальніц. Увесь гэты посуд, акрамя сталовых місак, у асноўным прызначаўся для захавання і транспарціроўкі прадуктаў, найперш вадкасцяў. Берасцяная аплётка акрамя павышэння трываласці змяншае цеплаправоднасць посуду, што станоўча ўплывае на названыя функцыі. Па меркаванню Я.М. Сахуты традыцыя аплятання ганчарных вырабаў бяростай ў канцы XIX – першай палове XX ст. існавала ў “кампактным арэале”, які ўключаў заходнюю частку Паазер’я і сумежныя землі Літвы. Аднак можна з упэўненнасцю сцвяржаць, што кераміка з берасцяной аплёткай была распаўсюджана, няхай і не так масава, на значна большай тэрыторыі. Аб гэтым сведчаць як прадметы з музейнага збору, так і лінгвістычныя дадзеныя. Слова “берасцень” у значэнні керамічнай пасудзіны, абвітай бярозавай карой, ужывалі таксама ў цэнтральных і ўсходніх раёнах Паазер’я. Варта адзначыць, што на тэрыторыі сучаснага Міёрскага раёна берасценем маглі называць любы гарлач, нават без берасцяной аплёткі. Гэта, хутчэй за ўсё, сведчыць аб даўнасці і асаблівай пашыранасці традыцыі абгортваць керамічны посуд бяростай у дадзенай мясцовасці.

         Няспынная работа вядзецца дзяржаўнай ўстановай “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” па папулярызацыі і распаўсюджванню дадзенага віда творчасці. Пачынаючы з 1995 года на Віцебшчыне прайшло шмат значных мерапрыемстваў, сярод іх: Рэспубліканскае свята-конкурс “Ганчарны круг”(в.Бачэйкава, Бешанковіцкі раён), Міжнародны конкурс майстроў народных рамёстваў, абласны пленэр па ганчарству “Гліна спявае”                  (п.Акцябрьскі, Віцебскі раён), Міжнароднае свята ганчарнага і кавальскага мастацтва                 “Гліна, агонь і майстры” у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, гарадскі пленэр керамікі “ИЗО-ТЕРРА” (г.Віцебск), Міжнародны пленэр народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, конкурс ганчароў “Гліна спявае” (г.п.Копысь, Аршанскі раён).

Адшуканыя ўзоры ганчарнага посуду з берасцяной аплёткай вызначаюцца характэрным, непаўторным каларытам. Вядома, аплятанне берасцянымі стужкамі рабілася з чыста практычнымі мэтамі – для павышэння трываласці вырабленых гліняных пасудзін або прадаўжэння іх бытавога выкарыстання ў выніку пашкоджанасці; пэўна, значэнне мела і павышэнне цеплаёмістасці.

На сённяшні дзень на Віцебшчыне знайшлі, зацікавіліся і пачалі працаваць над тэхналогіяй аплятання берастой ганчарнага посуду майстры з сямі раёнаў вобласці – Браслаўскага, Гарадоцкага, Глыбоцкага, Лепельскага, Міёрскага, Сенненскага і Шаркаўшчынскага.