Народная гульня моладзі ”Яшчар“ вёскі Гута Пастаўскага раёна

Народная гульня ”Яшчар“ была распаўсюджана сярод моладзі на Пастаўшчыне яшчэ ў сярдэдзіне ХХ ст. У перыяд адраджэння нацыянальнай традыцыйнай культуры ў канцы ХХ ст. моладзь зноў пачынае ладзіць гульню ”Яшчар“ у сваім асяроддзі, якая на сённяшні дзень актыўна практыкуецца ў вёсцы Гута ўдзельнікамі фальклорнага гуртка пры сацыяльна-культурным цэнтры. Гульня ”Яшчар“, на думку навукоўцаў, мае вельмі старажытнае паходжанне, аб гэтым сведчыць як назва гульні, што ўвасабляе архаічную міфалагічную істоту, так і асноўныя сэнсатворныя прыкметы – выбар на ролю Яшчара хлопца, якога пераапранутым садзяць у цэнтры, і рух карагода дзяўчат з песняй вакол яго. Падчас карагоду Яшчару прапануецца выбраць сабе ”панну“. У яе, як і ва ўсіх астатніх дзяўчат, ён забірае хустку або вянок, пасля кожная дзяўчына спявае Яшчару песню і выконвае розныя яго заданні, каб вярнуць сваю рэч. Гульня заахвочвае да творчага самавыяўлення, кемлівасці, дасціпнасці, эмацыянальнай экспрэсіі, развівае майстэрства выбудоўвання ўзаемаадносін, выкарыстання музычных, песенных, вершаваных, танцавальных складнікаў.

Гульня на Пастаўшчыне традыцыйна ладзіцца ў калядны, купальскі і велікодны перыяд падчас правядзення вячорак з разнастайнымі народнымі гульнямі, песнямі і танцамі пад акампанемент мясцовых музыкаў. Старэйшыя школьнікі пераймаюць гульнёвыя традыцыі падчас сустрэч са старэйшымі жыхарамі навакольных вёсак і з вялікай ахвотай актуалізуюць іх пры падтрымцы кіраўніка гуртка, мясцовых музыкаў, спецыялістаў устаноў культуры раёна. Паглядзець на гульні моладзі прыходзяць бацькі, настаўнікі, старэйшыя жыхары вёсак, якія рады бачыць, што іх культурная спадчына пераймаецца маладымі.