Багацейшай спадчынай Гарадоччыны, якая засталася нам ад нашыхпродкаў, з’яўляецца ажурнае ткацтва. Гэты рэдкі від народнага мастацтва адносіцца да ўнікальных з’яў беларускай народнай творчасці.
Яго характэрнай асаблівасцю з’яўляецца разрэджаная сеткавая структура палатна. Малюнак ствараюць празрыстыя геаметрычныя формы ў выглядзе палос і квадратаў.
У Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці гэты від мастацтва быў распаўсюджаны паўсюдна і меў назву “кісея”. Для ткацтва такіх тканін выкарыстоўваліся лепшыя гатункі ільна, толькі тонкія, выбеленыя, якасныя ніткі.
Марына Леанідаўда Гушча, майстар па ткацтву Гарадоцкага Дома рамёстваў, аднавіла тэхналогію элемента па ўзорах тканін, якія захаваліся ў Гарадоцкім краязнаўчым музеі, з дапамогай артэфактаў, знойдзеных у экспедыцыях. Таксама падчас экспедыцый майстрыха пераймала тэхналогію ў носьбітаў Гарадоччыны.
Зараз у Доме рамёстваў і фальклору ствараюцца ажурныя ручнікі, якія папаўняюць фонды аўтэнтычна адроджаных рэчаў.