Гушча Марына Леанідаўна

20.03.1964 г.н.
г. Гарадок, Віцебская вобл.

Гушча Марына Леанідаўна – загадчык Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору, член Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь клубамайстроў народных мастацкіх рамёстваў “Вытокі”,майстар ткацтва ручнікоў і габеленаў. У 2011 годзе прысвоена ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны”.

У 1990 годзе скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава.

Шмат часу Марына Леанідаўна аддае даследаванню і вывучэнню традыцый народных рамёстваў Гарадоччыны, асабліва ткацтва.  Удзельнічала ў этнаграфічных экспедыцыях па вёсках раёна, сабрала багаты матэрыял, унікальную інфармацыю аб майстрах, артэфакты, дасканала вывучыла  тэхналогію ткацтва. Асвоіла мноства тэхнік: бранае, выбарнае, пераборнае, фактурнае, ажурна-фактурнае, ажурнае. Стаяла ля вытокаў стварэння навукова-дапаможнай базы фондаў Дома рамёстваў і фальклору па матэрыяльнай культуры Гарадоччыны.  Адпаведна старажытным тканінам фондаў  Гарадоцкага краязнаўчага музея  стварыла  багатую  калекцыю ручнікоў. Стварэнне ручнікоў па мясцовых этнаграфічных узорах з’яўляецца асноўнай асаблівасцю творчасці майстра. Марыя Леанідаўна пастаянна прымае  актыўны ўдзел у шматлікіх выставах, конкурсах, канферэнцыях, майстар-класах, тым самым удасканальвае сваё майстэрства.

З 2005 года – член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці.

Майстру ўласціва імкненне зберагчы архаічнасць, багацце і ўнікальнасць тэхналогіі ажурнага ткацтва, даказаць жыццяздольнасць мясцовых ткацкіх традыцый.  Гушча М.Л. падрыхтавала і абараніла на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка- культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь матэрыялы па традыцыйнай тэхналогіі ажурнага ткацтва Гарадоцкага раёна (кісея) на ўключэнне гэтага элемента ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

У 2016 годзе за значны асабісты ўклад у традыцыйную культуру не толькі свайго рэгіёна, але і Беларусі Гушча Марына Леанідаўна атрымала званне “Народны майстар Беларусі”.

Больш за 100 аўтарскіх твораў майстра знаходзяцца ў фондах Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору, Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці,  Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці і ў прыватных калекцыях. За апошнія гады яе вырабы дэманстраваліся не толькі ў Беларусі, але і за мяжой: у гарадах  Лодзь, Люблін (Польшча), Белая Царква (Украіна), Пскоў, Востраў, Усвяты (Расійская Федэрацыя).

У 2020 годзе Гушча Марына Леанідаўна атрымалагрант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  на рэалізацыю праекта ў вобласці культуры “Развитие технологии ажурного ткачества Городокского района как важное составляющее традиции культуры региона”.