27 красавіка Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем архітэктуры і побыту правялі ў аг.Азярцо свята “Саламяныя цуды”. Мастацкія вырабы і сувеніры з саломкі сведчаць аб творчых здольнасцях і працавітасці беларусаў і не маюць аналагаў у свеце. Пацвярджэннем таму з’яўляецца прызнанне ў снежні 2022 года беларускай намінацыі «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» часткай сусветнай спадчыны чалавецтва і ўключэння яе ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

На свята прыехалі майстры саломапляцення з розных рэгіёнаў Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Шматлікія гледачы і наведвальнікі змаглі ўпэўніцца: тэрыторыя творчасці беларускіх саломапляцельшчыкаў сапраўды бязмежная! На выставе былі прадстаўлены работы, якія ўражваюць сваёй складанасцю, прыгажосцю і філіграннай працай рук.

Святочны настрой удзельнікам і гледачам стваралі вядучыя аматарскія калектывы Акцябрскага, Баранавіцкага, Валожынскага, Іўеўскага, Лепельскага раёнаў. І выстава, і выступленні аматарскіх калектываў дазволілі ўсім наведвальнікам свята яшчэ лепш пазнаць Беларусь і адчуць жывую беларускую інтанацыю і каларыт.

Віцебскую вобласць прадставілі Марціновіч Таццяна Іванаўна — майстар па саломапляценні Докшыцкага раённага Дома рамёстваў, Смаргунова Вольга Леанідаўна — майстар народнай творчасці ў традыцыйным і сучасным жанры саломапляцення, загадчык Расонскага раённага Дома рамёстваў, народны фальклорны клуб «Кругаверць» ДУК «Лепельскі раённы Дом культуры», кіраўнік С.А. Карабань.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *