27 красавіка Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем архітэктуры і побыту правялі ў аг.Азярцо свята “Саламяныя цуды”. Мастацкія вырабы і сувеніры з саломкі сведчаць аб творчых здольнасцях і працавітасці беларусаў і не маюць аналагаў у свеце. Пацвярджэннем таму з’яўляецца прызнанне ў снежні 2022 года беларускай намінацыі «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» часткай сусветнай спадчыны чалавецтва і ўключэння яе ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
На свята прыехалі майстры саломапляцення з розных рэгіёнаў Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Шматлікія гледачы і наведвальнікі змаглі ўпэўніцца: тэрыторыя творчасці беларускіх саломапляцельшчыкаў сапраўды бязмежная! На выставе былі прадстаўлены работы, якія ўражваюць сваёй складанасцю, прыгажосцю і філіграннай працай рук.
Святочны настрой удзельнікам і гледачам стваралі вядучыя аматарскія калектывы Акцябрскага, Баранавіцкага, Валожынскага, Іўеўскага, Лепельскага раёнаў. І выстава, і выступленні аматарскіх калектываў дазволілі ўсім наведвальнікам свята яшчэ лепш пазнаць Беларусь і адчуць жывую беларускую інтанацыю і каларыт.
Віцебскую вобласць прадставілі Марціновіч Таццяна Іванаўна — майстар па саломапляценні Докшыцкага раённага Дома рамёстваў, Смаргунова Вольга Леанідаўна — майстар народнай творчасці ў традыцыйным і сучасным жанры саломапляцення, загадчык Расонскага раённага Дома рамёстваў, народны фальклорны клуб «Кругаверць» ДУК «Лепельскі раённы Дом культуры», кіраўнік С.А. Карабань.