“Райскі сад” у гонар зямлячкі Марыі Ларынай”

Аўтар admin
0

Сярод палітры суправаджальных мерапрыемстваў у межах
ХХІХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” 16-19 ліпеня адбудзецца пленэр майстроў народных мастацкіх рамёстваў па дэкаратыўнаму жывапісу “Райскі сад-2020” і будзе прысвечаны
100-годдзю з дня нараджэння віцебскай мастачкі Марыі Ларынай. Ініцыятарам правядзення пленэра выступіў Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.
Як паведамілі арганізатары, праграма пленэра будзе насычанай і цікавай. Яго ўдзельнікі на працягу чатырох дзён змогуць стварыць не толькі маляваныя дываны, але наведаць Мастацкі музей, Арт-цэнтр і Дом-музей Марка Шагала, музей-сядзібу І.Я. Рэпіна “Здраўнёва”, персанальную выставу майстра Святланы Скавырка “Чароўны свет маляванкі”, а таксама прыняць удзел у майстар-класах з удзелам майстроў народных мастацкіх рамёстваў, што з’яўляюцца носьбітамі элемента “Маляваныя дываны Віцебскага Паазер’я”, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Марыя Кірэеўна Ларына (дзявочае прозвішча – Зубкова) нарадзілася ў 1920 годзе ў вёсцы Зубакі Віцебскага раёна (цяпер – Ноўкінскі сельсавет). Жыццё мастачкі было няпростым: муж загінуў на вайне, сама зарабляла грошы на фабрыцы, гадавала дачку, будавала хату, упарадкоўвала гаспадарку.
Працы Марыі Кірэеўны перапоўнены дзівосамі – кветкі дываном засцілаюць зямлю, звяры ды птушкі разам з чалавекам песні спяваюць, а па рэках і азёрах у чоўнах плывуць падарожнікі. Увогуле, водная стыхія з’яўляецца ўстойлівым кампанентам дыванковых пейзажаў мастачкі. Таксама на творчых працах можна пабачыць матывы свята, гулянняў.
– Творчасць Марыі Ларынай цікавая тым, што яна развівалася ў познія 1970-80-я гады і нікім не была інспіравана. Мастачка ніколі не была звязана з народным промыслам, і яе творы – цікавае спалучэнне народнай эстэтыкі і яркага аўтарскага аповяду. Марыя Кірэеўна – апошні інсітны мастак у гісторыі закрывання традыцыі бытавання маляванага дывана на Прыдзвінні. Апошнія яе творчыя работы датуюцца 1993 і 1996 гадамі, – адзначае вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ, кандыдат мастацтвазнаўства Людміла Вакар.
Перастала біцца сэрца паважанай мастачкі ў 2001 годзе. Памяць пра Марыю Кірэеўну жыве і сёння. Яе творы захоўваюцца ў фондах абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і неаднаразова дэманстраваліся на Нацыянальных выставах наіўнага мастацтва “Insita”. Таксама яе творчасць адлюстравана на старонках навукова-папулярных выданняў “Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны” і “Мастацтва Insita. З гісторыі правядзеня выставак непрафесійнага мастацтва”.

Андрэй Струнчанка

0

ВАМ МОЖА БЫЦЬ ЦІКАВА