Груздаўскiя цымбалы – самаробныя, дыятанічныя, маюць гукарад з паніжанай VІІ ступенню. Корпус плоскі, дрэва светлае, акантоўка цёмна-карычневага колеру, у верхняй дэцы выразаны дзве рэзанансныя адтуліны ў форме круга з ромбамі ўнутры. Памеры iнструмента вагаюцца ў межах – унізе 980-1060 мм, шырыня корпуса 360-380 мм, вышыня 65 мм. Ён адметны сваім празрыстым звонам. Галоўнымi якасцямi цымбал лiчацца iх строй, прынцыпы наладкi, выгляд малаточкаў i выманне гуку. У традыцыйным выканальніцтве існуе два варыянты строю: “нізкі пад гармонік” (“даўнішні”) у фа мажоры і “высокі пад баян” у соль мажоры. Наладка інструмента ў пэўным строі кадзіруе гукавую эстэтыку музычных інструментаў, іх семантычную прыроду, што звязана з асаблівасцямі іх функцыяніравання. “Нізкі строй” лічыцца “больш душэўным” i выкарыстоўваецца пры выкананні песенных лірычных найгрышаў, вальсаў. З “высокім строем” у народа звязана ўяўленне пра весялосць, радасць, таму ён характэрны для полек.
Сістэма настройкi цымбалаў “пад гармонік” пачынаецца з другой струны зверху на галасавой падстаўцы з фа1 актавы, а “пад баян” адметная тым, што замест фа апорнай струной з’яўляецца соль1 актавы. “Наводка” цымбалаў пад скрыпку пачынаецца з ля1 актавы (першая струна скрыпкі).
Гукарад варапаеўскiх цымбалаў цэлатонны, ахоплівае 7 танальнасцей. У iх апорны гук соль1 перамяшчаецца ўніз, на чацвёртую струну зверху на галасавой падстаўцы. Затым наладка ўсіх цымбал ажыццяўляецца стэрэатыпна – квінта праз падстаўку ўверх і актава ўніз.
Навучанне ажыццяўляецца ў трох формах: найманне настаўніка, у сям’і, самастойна (“праз сябе”) і пачынаецца з “аплікатурнага паказу”: правая рука выконвае мелодыю, а левая “падбівае басы”. Спосаб гуказдабывання адзін – удар. Пасля ўдару музыка не адразу паднімае малаточак, струна, якая вагаецца, паспявае на нейкае імгненне некалькі разоў адказаць, ударыць па малаточку. Гэтая дэталь зусім мяняе гучанне цымбал: далікатнае, “празрыстае і пявучае, без лязгання”. Струны ніколі не глушаць, бо розная колькасць абертонаў ўздзейнічае на інтанацыйную выразнасць кожнага штрыха і ўсёй тэмбравай разнастайнасці.
Засваенне сродкаў мастацкай выразнасці праламляецца праз творчую індывідуальнасць, якая ў кожным канкрэтным выпадку фарміруе свае комплексы прыёмаў і характар іх выкарыстання.