Марціновіч Таццяна Іванаўна

Марціновіч Таццяна Іванаўна
1974 г.н.
г. Докшыцы, Віцебская вобл.

Марціновіч Таццяна Іванаўнанарадзілася ў 1974 годзе ў в.Бабічы Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Скончыла Віцебскае вышэйшае прафесійнае вучылішча народных мастацкіх рамёстваў па спецыяльнасці ”вязальшчыца, ткач ручнога ткацтва, дываноўшчыца з валоданнем пляцення з саломкі“. З 1995 года працуе ў Докшыцкім раённым Доме рамёстваў майстрам па саломапляценні, з’яўляецца членам народнай студыі майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў аматараў ”Докша“. У 2007 годзе прынята ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Таццяна Іванаўна валодае традыцыйнымі і сучаснымі прыёмамі саломапляцення. Выконвае шырокі асартымент вырабаў: ”павукі“, утылітарна-дэкаратыўны посуд, саламяныя скульптуры, кветкі і галаўныя ўборы.

Таццяна Марціновіч  – пастаянны ўдзельнік мерапрыемстваў і выстаў міжнароднага, рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў. У яе творчай скарбонцы: дыплом I ступені ў абласным конкурсе па саломапляценню ”Папараць-кветка“ ў межах XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ (2010 г.); удзел у ”Днях Беларускай культуры“ ў Арменіі (2011 г.); Ганаровая грамата ”За значны асабісты ўклад у захаванне, развіццё і папулярызацыю народнага мастацтва Беларусі, народных мастацкіх промыслаў“ (2014 г.); дыплом II ступені ў намінацыі ”Сувенірная аўтарская лялька“ конкурсу майстроў народной цацкі і лялькі ”Забава – 2015“ у межах XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“; дыплом I ступені ў абласной выставе-конкурсе майстроў саломапляцення ”Золата роднай зямлі“ ў намінацыі ”За дасканалае валоданне тэхнікай аб’ёмнага пляцення“ (2017 г.); удзел у ”Днях Беларускай культуры“ ў Абу-Дабі (2019 г.); дыплом II ступені ў Міжнародным свяце-конкурсе майстроў народнай цацкі і лялькі ”Забава“ ў межах XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ (2021 г.); дыплом лаўрэата I ступені ў намінацыі ”Галаўны ўбор“ у абласным свяце-конкурсе майстроў саломапляцення ”Папараць-кветка“ ў межах XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ і інш.

З 2021 года прысуджаны статус народнага майстра Беларусі.