Сямейна-родавы абрад Хрэсьбіны – адна са старадаўніх сямейных урачыстасцяў, звязаных з нараджэннем дзіцяці, якая суправаджаецца шэрагам рытуальных дзеянняў, накіраваных на яго сацыяльнае зацвярджэнне ў калектыве і надзяленне здароўем і добрай доляй.
Пасля народзін, бацькі хацелі пахрысціць дзіця як мага хутчэй, бо ў поле трэба хадзіць, работу рабіць, а нехрышчонае дзіця нельга на вуліцу насіць. У дзень хрышчэння бабка-павітуха выносіла нованароджанага і, аддаючы яго кумам, гаварыла: ”Даю Вам нехрышчонае, а прывязіце нам пасвяшчонае!“.
Вярнуўшыся пасля царквы, кумы аб’яўлялі імя нованароджанага дзіцяці, перадавалі яго бацькам, пры гэтым кум казаў: ”Прыміце дзіця вамі нараджонае, а намі пахрышчонае“, а кума: ”Даў Бог убачыць пад хрыстом, каб даў Бог убачыць і пад вянцом“. Бабка-павітуха забірала дзіця, а бацькі запрашалі кумоў і гасцей да святочнага хрэсьбіннага стала. Пачыналася хрэсьбіннае застолле, падчас якога шмат не выпівалі, а больш весяліліся: спявалі абрадавыя песні, танчылі, жартавалі з кумоў, праводзілі рытуальныя і абрадавыя дзеянні.
Абавязковым элементам хрэсьбін на Полаччыне быў збор грошай ”на мыла“ для нованароджанага, які ўвасобіўся ў арыгінальны рытуал ”Мыццё барод“. Збіранне грошай ”на мыла“ (на падарунак) – універсальная форма любой абменнай практыкі ў традыцыйнай культуры і самы зручны варыянт дапамогі маладой сям’і сёння. Унікальнасць абрадавай дзеі заключаецца ў зборы грошай для малога не праз дзяленне кашы (як у большасці рэгіёнаў Беларусі), а праз сімвалічную плату за ”мыццё барод“.
Абрадавая дзея ”мыццё барод“ адбывалася бліжэй да канца хрэсьбіннага застолля, пасля воклічу Кумы пра тое, што ”нарадзіўся маленькі, хоча мыцца бяленька, а каб яго пакупаць, трэба на мыла сабраць“. Хтосьці з найбольш ініцыятыўных ці гаваркіх жанчын (2-3 чалавека) хуценька браў неабходны рэквізіт для правядзення ”мыцця барод“ (міску з вадой, жасцяную тарку альбо драўляную трэсачку, ці ножык каб ”брыць і галіць бароды“, адэкалон, бурак, памаду, драўляныя граблі ў якасці грэбня, памазок зроблены з жытніх каласоў). Жачыны падыходзілі да кожнага з гасцей з песняй і прапанавалі памыць, пагаліць, навесці прыгажосць, каб і нованароджаны рос чысценькім, здаровенькім і прыгожым. Мужчынам таркай альбо драўлянай трэсачкай ”брылі\галілі бароды“, брызгалі адэкалонам, прычосывалі, а жанчынам – падкрашывалі вусны губной памадай, шчокі румянілі бураком альбо памадай, прыпудрывалі, бровы мазалі галавешкай. У якасці люстэрка скарыстоўвалася заслонка з печы альбо днішча з вядра. Некаторыя госці мусілі адкупіцца, прапанавалі даць больш грошай ”на мыла“, але большая частка з задавальненнем падстаўляла свае твары для гэтага рытуала. Такім чынам, жанчыны з песняй абыходзілі вакол хрэсьбіннага стала, пакуль усе прысутныя не пакладуць грошы ”на мыла“ для немаўляткі.
Сцэнкі ”брыцця/ галення барод“ адбываліся з жартамі, весялосцю, без крыўд. Гэта азначала, што кожны госць даваў грошы ”на мыла“ з самымі добрымі намерамі, ад душы. Працягласць рытуальнай дзеі залежала ад колькасці гасцей і займала нейкі час.
Пасля таго, як ”бароды памылі і пагалілі“, Кум казаў: ”Вось сабралі мы на мыла, каб хрэснічак наш мыўся бяленька, каб рос здаровенькі. Жадаем бацькам, каб было ўвесь час на стале, ў місцы, ў калысцы, каб дзетак напладзілі і нагадавалі“. Сабраныя грошы аддавалі маці, а яна гэтыя грошы клала маленькаму пад падушачку, каб ня быў бедны.
Пасля гэта бацька запрашаў пачаставацца і выпіць за здароўе кумоў, дзякаваў кумам, што не адмовіліся стаць хроснымі для іх дзіцяці (хаця кажуць у нас, што адмаўляцца нельга, гэта насупраць прыдавала павагі на вёсцы, што цябе бралі ў кумы). Прысутныя спявалі песні пра кумоў, жартавалі над імі. Пасля песень нехта казаў: – ”А давайце лепш патанчым, а то засядзеліся“. Хрэсьбіны працягваліся.
Абрад ”мыцця барод“ адносіцца да рытуалаў сацыяльнага прызнання, галоўнай функцыяй якіх было зацвярджэнне сям’ёй, родам свайго новага члена. Калектыў, набываючы новага чалавечка, умацоўваўся як сацыяльнае аб’яднанне, а дзіця атрымлівала зададзеную традыцыямі яго продкаў жыццёвую праграму. Зыходзячы з таго што немаўля асабліва баіцца злога вока і любых нядобрых уплываў, прастора вакол яго павінна быць па магчымасці чыстай, спрыяльнай, пазбаўленай бруду, залішняй калматасці і неахайнасці. Усе навакольныя мусяць адпавядаць патрабаванай для дзіцяткі якасці ”хадзіць бяленька“, для чаго калектыў і збіраў грошы ”на мыла“.
У сучасны перыяд абрадавая дзея захоўваецца і праводзіцца народным фальклорным ансамблем ”Блізнянка“ філіяла ”Сільніцкі сельскі Дом культуры“ дзяржаўнай установы культуры ”Полацкі раённы Цэнтр культуры“.