Зінкевіч Элеанора Уладзіміраўна

Зінкевіч Элеанора Уладзіміраўна
г. Браслаў, Віцебская вобласць
1966 г.н.

Зінкевіч Элеанора Уладзіміраўна нарадзілася ў 1966 годзе. Скончыла Віцебскі педагагічны інстытут і Мінскі інстытут праблем культуры. Працуе загадчыкам Музея традыцыйнай культуры ў г.Браслаў.
З 1992 года вядзе гурток саломапляцення. Вучылася рамяству саломапляцення ў майстроў народных мастацкіх рамёстваў з вёскі Слабодка – Карэніка Пятра, Чэркаса Міхаіла. Займаецца вывучэннем гісторыі саломапляцення на Браслаўшчыне. У сваёй творчасці аддае перавагу вырабам дэкаратыўнага характару з выкарыстаннем традыцыйных прыёмаў і тэхналогій. Усе работы дэкаратыўнага прызначэння з’яўляюцца аўтарскімі. Авалодала тэхналогіяй спіральнага пляцення. Падрыхтавала шмат вучняў: Кальцову Зою, Шлабун Марыю, Веру Шыкалаву і іншых, якія сёння працуюць самастойна.
Валодае тэхналогіяй валяння з воўны валёнкаў, традыцыйных галаўных убораў (брылёў, магерак), калядных масак і сумак. Праводзіць майстар-класы па мокраму і сухому валянню з воўны.
Прымала ўдзел у аднаўленні традыцыйных строяў Браслаўшчыны. З’яўляецца лаўрэатам шматлікіх конкурсаў па вырабу элементаў народнага строя ў 2017-2019 гг. Лаўрэат абласных конкурсаў па саломапляценні. З 2017 па 2019 гады атрымлівала дыпломы Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў за І месца ў абласным конкурсе праектаў “Дажыначны сноп” у межах абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласці “Дажынкі”.
Пры непасрэдным удзеле Элеаноры Зінкевіч некалькі элементаў народнай творчасці Браслаўшчыны ўвайшлі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь..