філіяла дзяржаўнай установы адукацыі ”Лепельская дзіцячая школа мастацтваў“ ”Стайская дзіцячая школа мастацтваў традыцыйнай культуры“
Калектыў ”Сунічкі“ створаны у 1996 годзе, з мэтай вывучэння і практычнага засваення гістарычнай і культурнай спадчыны сваёй малой радзімы. алоўнай мэтай дзейнасці калектыву з’яўляецца вывучэнне ладу жыцця нашых продкаў, іх нацыянальных і культурных традыцый, звычаяў і абрадаў. У 2000 годзе калектыву нададзена найменне ”ўзорны“, а ў 2013-м – ганаровае званне ”заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь“. Заснавальнікам і кіраўніком гурта да 2000 года з’яўлялася Шынкарэнка Аксана Аляксандраўна, з 2000-га – Хомбак Вераніка Аляксандраўна (1972 г.н.). Вераніка Аляксандраўна – член журы рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў народнай творчасці, актыўны ўдзельнік абласных, рэспубліканскіх і міжнародных майстар-класаў, семінараў і канферэнцый па праблемах эстэтычнага выхавання дзяцей і моладзі сродкамі народнага мастацтва. З’яўляецца ініцыятарам абласнога турніру беларускіх побытавых танцаў, які праходзіць у межах абласнога агляду-конкурсу фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі ”Ад прашчураў – да зор“ (г.п.Расоны) і ў межаж Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“. За гады свайго існавання турнір беларускіх побытавых танцаў заняў пачэснае месца ў аматарскім руху краіны, стаў важным крокам на шляху захавання, засваення і перадачы вопыту продкаў сённяшнім нашчадкам. З 2014 года калектыў ”Сунічкі“– пастаянны ўдзельнік свята.
Вераніка Аляксандраўна ўзнагароджана дыпломам VІІІ Рэспубліканскага конкурсу ”Жанчына года – 2015“ у намінацыі ”За ўклад у развіццё духоўнасці і культуры“, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за заслугі ў рэалізацыі сацыяльнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ”За ўклад у развіццё культуры Беларусі“, з’яўляецца дэпутатам Лепельскага раённага Савета дэпутатаў, членам праўлення Лепельскага раённага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын“.
За гады дзейнасці фальклорнага калектыву звыш двух тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак навучыліся і працягваюць навучацца на духоўных і маральных традыцыях народнай культуры. У калектыў уваходзяць 100 удзельнікаў ва ўзросце ад 3-х да 50-ці гадоў. Гэта навучэнцы школы мастацтваў, работнікі культуры, служачыя, настаўнікі. Усіх іх аб’ядноўвае любоў да народнай творчасці, павага і беражлівыя адносіны да сваёй спадчыны. Але асаблівая ўвага ў калектыве надаецца дзецям з ліку праблемных сем’яў.
Складаецца дадзены калектыў з пяці ўзроставых груп: падрыхтоўчая, малодшая, сярэдняя, старэйшая і дарослая групы. Таксама ёсць акампаніруючая група, батлеечны гурт, вакальны гурт, дзіцячы ансамбль народных інструментаў, ансамбль гарманістаў і лыжкароў, аматарскае аб’яднанне традыцыйнай кухні ”Смачна есці“.
Калектыў ”Сунічкі“ праводзіць работу па зборы і зберажэнні мясцовых песень, танцаў, гульняў, карагодаў, вуснай народнай творчасці. Асаблівасць калектыву ў тым, што засваенне рэпертуару адбываецца ўласцівым аўтэнтычнай народнай культуры шляхам вуснага яго пераймання ў фальклорных экспедыцыях.
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны фальклорны калектыў ”Сунічкі“ – гэта захавальнік і актыўны прапагандыст традыцыйнай культуры сваёй мясцовасці, які вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, з’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, семінараў, майстар-класаў, знаёміць з народнай спадчынай шматлікіх турыстаў, якія наведваюць Лепельшчыну.
Калектыў дастойна прадстаўляў нацыянальную культуру на Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва ”Берагіня“, Міжнародным фестывалі мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“, Міжнародным фестывалі фальклору ў Чэхіі, Міжнародным фестывалі дзіцячага мастацтва ”Залатая пчолка“ (Магілёўская вобласць) , Міжнародным дзіцячым фестывалі ”Сонца, радасць, прыгажосць“ (Балгарыя), Міжнародным фестывалі песні і музыкі ”Дняпроўскія галасы ў Дуброўне“, Міжнародным свяце традыцыйнай культуры ”Браслайскія зарніцы“, фестывалі Латвійскіх культур ”Pynu, pynu, situ“ (Латвія); калектыў прыняў удзел у Святочным канцэрце да дня горада Лодзь (Польшча). ”Сунічкі“ прымалі ўдзел у здымках дзвюх тэлеперадач Першага нацыянальнага тэлеканала ”Спявай душа“, а таксама тэлевізійнай праграмы ”Наперад у мінулае“ тэлеканала ”Беларусь 3“.
Калектыў узнагароджаны Дыпломам Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА ”За значны ўклад у захаванні нематэрыальнай культурнай спадчыны Беларусі“. Загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь узорны фальклорны калектыў ”Сунічкі“ стаў стыпендыятам Прэзідэнцкага Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Удзельнікі калектыву Шыдлоўская Ганна, Жарнасек Дар’я, Сільвановіч Яўген атрымалі заахвочванне з Прэзідэнтскага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны фальклорны калектыў ”Сунічкі“ неаднойчы станавіўся лаўрэатам і дыпламантам розных міжнародных фестываляў і конкурсаў. Калектыў узнагароджаны сертыфікатам удзельніка Святочнага гала-канцэрта творчых калектываў Віцебскай вобласці, прысвечанага 80-годдзю ДУ ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“.
Дзейнасці калектыву прысвечаны публікацыі ў рэспубліканскіх, абласных, мясцовых СМІ (”Рэспубліка“, ”Сельская газета“, ”Віцебскія весці“, ”Лепельскі край“).
Калектывам адноўлены святы і абрады беларускага народнага календара Каляды, Масленіца, Вялікдзень, Грамніцы, Дажынкі, а таксама батлейка. Удзельнікі калектыву валодаюць тэхнікай традыцыйнага выразання з паперы – выцінанкай, робяць лялькі і абярэгі, займаюцца вышыўкай і разьбой па дрэве, майструюць з саломкі птушак і падвясныя канструкцыі ”павукі“, рыхтуюць па рэцэптах сваіх бабуль дранікі, клёцкі,
поліўку, кісель з брусніц.
Адметнасцю калектыву з’яўляецца таксама і тое, што артысты апранаюцца ў строі, пашытыя з улікам мясцовых традыцый і аздобленыя рукамі дзяцей.
Рэпертуар калектыву адлюстроўвае багацце і разнастайнасць мясцовага танцавальнага, песеннага, гульнёвага, музычнага фальклору, што дае магчымасць прывіваць дзецям гонар за свой народ і нацыянальную культуру.
Лепельшчына мае вялікія культурныя каштоўнасці, і Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ”Сунічкі“ здольны зберагчы іх для наступных пакаленняў, бо традыцыйныя песні, танцы, музыка абудзілі ў дзяцей імкненне не толькі аднаўляць, пераймаць, папулярызаваць, але і захоўваць гэтыя каштоўнасці для будучых пакаленняў.