Залатуха Святлана Мікалаеўна

1973 г.н.
г. Лепель, Віцебская вобл.

Святлана Мікалаеўна нарадзілася ў 1973 годзе ў в.Стаі Лепельскага раёна.У 2006 годзе прыйшла на працу ў Дом рамёстваў, каб навучыцца ткацтву.

Спачатку Святлана Мікалаеўна вывучала тэхнікі ткацтва беларускіх паясоў. Але на гэтым яна не спынілася, яе захапіла ткацтва на кроснах. Напэўна тое, што яе так зацікавіла ткацтва не выпадкова, бо цётка Святланы Мікалаеўны, патомная ткачыха Кацярына Смажэўская, стаяла ля вытокаў адраджэння ткацтва на Лепельшчыне.

Зараз Святлана Мікалаеўна валодае рознымі прыемамі тэхнікі ткацтва па мясцовых традыцыях і аўтэнтычных узорах: перабор з выбарам, бранае, выбарнае, чарырохнітовае,  “у матузы”, падвоенае, ажурнае, займаецца  адраджэннем такіх тэхнік ткацтва, як падвоенае, пераборнае, закладанае і многія іншыя. Зрабіла рэканструкцыю посцілкі “адзіяла накладанага” ў тэхніцы “перабор з выбарам”.

Мастацкія каштоўнасці, створаныя Святланай Мікалаеўнай, з’яўляюцца працягам народных традыцый, вынікам мастацкага мыслення, уласцівага традыцыйнай народнай культуры, адлюстраваннем беларускай нацыянальнай ментальнасці.

Акрамя ткацтва, Залатуха С.М. валодае навыкамі вязання кручком і вышыўкі ў розных тэхніках. Свае веды яна на працягу ўсіх гадоў працы ў Цэнтры рамёстваў перадае сваім вучням, сярод якіх і дачка Алеся. Дзеці старанна займаюцца і пераймаюць тыя навыкі, якімі валодае майстар. Усё, чаму навучыліся, дэманструюць на традыцыйным конкурсе ”Матчыны кросны“, а таксама на выставах падчас правядзення раённых і гарадскіх святаў.

Пераняць майстэрства ткацтва Залатуха С.М. можна не толькі на занятках дзіцячых гурткоў, але і на майстар-класах па ткацтву на кроснах, якія  даступны для наведвальнікаў Цэнтра рамёстваў, а таксама для ўсіх жадаючых падчас удзелу ў раённых, абласных, міжнародных фестывалях і конкурсах, актыўным удзельнікам якіх і  з’яўляецца майстар.

Святлана Мікалаеўна з’яўляецца членам Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Скарбонка”  Дзяржаўнай установы культуры “Лепельскі Цэнтр рамёстваў”.

У 2019 годзе Святлана Мікалаеўна атрымала званне “Народны майстар Беларусі”.