Яўсціхаў Ігар Віктаравіч

Яўсціхаў Ігар Віктаравіч
1962 г.н.
Віцебскі раён

Яўсціхаў Ігар Віктаравіч нарадзіўся ў 1962 годзе ў горадзе Віцебску. Паходзіць з сям’і патомных майстроў гарбарскай справы. Працуе кіраўніком узорнай студыі мастацкай апрацоўкі скуры ”Эксклюзіў“ Цэнтра рамёстваў ”Адраджэнне“ ДУК ”Віцебскі раённы цэнтр культуры і творчасці“.
Галоўнае месца ў творчасці Ігара Віктаравіча займаюць тэмы дахрэсціянскай культуры продкаў: вобразы славянскіх багоў, ручныя знакі і тэксты помнікаў славянскага пісьменства. Вырабляе абярэгі, оручні (бранзалеты), вокладкі кніг, сумкі, паясы і іншыя рэчы з дахрэсціянскай сімволікай. Вывучае і адраджае тэхнікі славянскай скарняцкай справы, а таксама рэканструіруе скураныя вырабы мінулых стагоддзяў.
У 2004 годзе Ігар Віктаравіч быў прыняты ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. У 2007 годзе ўдастоены ганаровага звання ”Народны майстар Беларусі“.
Творчая дзейнасць Ігара Віктаравіча на працягу станаўлення і развіцця атрымала вядомасць і папулярнасць. Аб гэтым сведчаць шматлікія артыкулы ў перыядычным друку. Яго вырабы атрымаліваюць высокую адзнаку спецыялістаў вобласці і рэспублікі.
Навуковы артыкул пад назвай ”Образы дохристианской культуры в творчестве народного мастера Беларуси Игоря Евстихова“ ўвайшоў у матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 165-годдзю
М. Нікіфароўскага (2010 г.).
У 2011 годзе выйшлі кнігі ”Майстры Віцебшчыны“ і ”Цвяток радзімы васілька“, у якіх адлюстравана творчая дзейнасць народнага майстра Беларусі Яўсціхава Ігара Віктаравіча як даследчыка і захавальніка беларускіх традыцый мастацкай апрацоўкі скуры.
У лютым 2011 года партрэт майстра быў занесены на Дошку гонару Віцебскага раённага выканаўчага камітэта.
Ігар Яўсціхаў – актыўны ўдзельнік выстаў, кірмашоў і фестываляў народнага мастацтва ад абласнога да міжнароднага ўзроўню. Дэманструе сваю творчасць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой: у Венесуэле, Польшчы, Латвіі, Літве, Расіі, Індыі, Славакіі.