Вінюкова Анастасія Віктараўна

Вінюкова Анастасія Віктараўна
1991 г.н.
Віцебскі раён

Вінюкова Анастасія Віктараўна нарадзілася ў 1991 годзе ў горадзе Віцебску. У 2011 годзе скончыла ”Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў“ па спецыяльнасці ”Дэкаратыўна прыкладное-мастацтва“. З 2012 года працуе ў Цэнтры рамёстваў ”Адраджэнне“ ДУК ”Віцебскі раённы цэнтр культуры і творчасці“ майстрам па вышыўцы.
Вышыўка майстра з’яўляецца неад’емнай часткай адноўленых касцюмаў з калекцыі ”Мужчынскі і жаночы касцюм гараджан Віцебскага павета канца XIX – пачатку XX ст“. Гэта жаночыя і мужчынскія кашулі, вышыўка фартуха, ручнікоў.
Анастасія Віктараўна аднаўляе вырабы, знойдзеныя ў этнаграфічных экспедыцыях па Віцебскім раёне. Галоўнай асаблівасцю работ майстра з’яўляецца максімальна дакладнае і дасканалае ўзнаўленне малюнка вышытых узораў.
Не менш значнае месца ў творчасці майстра займае мастацкі роспіс, асабліва батык. Гэтыя работы цікавыя сваёй маляўнічасцю і незвычайнымі каляровымі рашэннямі.
Анастасія Віктараўна з’яўляецца пастаянным удзельнікам абласных святаў, выстаў і конкурсаў. Так, на абласной выставе-конкурсе ”Чароўная нітка — 2018“ атрымала дыплом у намінацыі ”Творчы дэбют“, схемы вышыўкі сарочак майстар распрацавала, абапіраючыся на фотаздымкі, узятыя з кнігі ”Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны“. На абласной выставе ”Юбілейныя сімвалы“ прадставіла дзве работы ў тэхніцы ”вышыўка крыжам“ і іншыя.
З апошніх дасягненняў майстра – адноўленыя схемы традыцыйных арнаментаў, вышытыя жаночыя кашулі і галаўныя ўборы для калекцыі ”Традыцыйныя строi дзявочага i жаночага адзення з панёвай“.
Усё сваё майстэрства Анастасія Віктараўна перадае падрастаючаму пакаленню на занятках у дзіцячым аматарскім калектыве ”Натхненне“.