Валенцік Наталля Валер’еўна

Валенцік Наталля Валер’еўна
г. Дзісна, Міёрскі раён, Віцебская вобласць
1981 г.н.

Наталля Валер’еўна нарадзілася ў 1981 годзе ў вёсцы Павяцце Міёрскага раёна. У 1999 годзе скончыла Полацкае СПТВ №2 па спецыяльнасці ”швачка“. З 2008 года працуе майстрам-метадыстам Дзісненскага гарадскога Дома рамёстваў.
Творчае станаўленне майстра пачалося яшчэ з дзяцінства, калі маленькая Наталля бачыла, як займаецца рукадзеллем яе бабуля. З пачатку працы ў гарадскім Доме рамёстваў адразу вызначыла накірунак творчай дзейнасці – лапікавае шыццё: квілтынг, крэйзі-пэчварк, традыцыйны пэчварк. Асноўныя тэхнікі гэтага віда рамяства, якім валодае майстар: ”руский квадрат“, ”колодец“, ”бревенчатый домик“, ”соты“, ”шахматка“,”акварель“. За гады працы ў Доме рамёстваў і курсах павышэння кваліфікацыі ў г.Віцебск, валодае наступнымі відамі творчасці: шыццё, вырабы з прыроднага матэрыялу, выраб народнай лялькі-абярэга, вязанне, вышыўка, пляценне з саломы і г.д.
Наталля Валер’еўна вядзе актыўную экспедыцыйную работу па Міёрскім раёне. Так, падчас экспедыцый, была запісана інфармацыя аб адзенні на Дзісеншчыне, знойдзены артэфакты: рэшткі тканіны і вышыўкі, рышылье, драўляны посуд і хатні інвентар, керамічны посуд.
Майстар народных мастацкіх рамёстваў – пастаянны ўдзельнік і лаўрэат міжнародных, рэспубліканскіх, абласных, раённых святаў-конкурсаў, выстаў і іншых мерапрыемстваў: лаўрэат I ступені адкрытага гарадскога конкурсу шыцця з абрэзкаў тканіны ”Полацк-квілт – 2012“; удзельнік Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў ”Вясновы букет“ (2013, 2015, 2018 г.); удзельнік свята-конкурсу майстроў народнай цацкі і лялькі ”Забава“ у межах XXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ (2015 г.); удзельнік экалагічнага свята ”Жураўлі і журавіны Міёрскага краю“ (2012 – 2020 гг.).
Сваё майстэрства Наталля Валер’еўна перадае маладому пакаленню падчас шматлікіх майстар-класаў не толькі сярод дзяцей і дарослых г. Дзісна, але і для замежных гасцей, што наведваюць самы маленькі горад Беларусі.
Работы майстра мастацкіх рамёстваў захоўваюцца ў прыватных калекцыях не толькі нашай краіны, але і ў Расіі, Швецыі, Германіі, Францыі, Літве, Латвіі.