філіяла “Матырынскі сельскі клуб” ДУК ”Ушацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці“



Дзіцячы фальклорны калектыў створаны на базе Матырынскага сельскага Дома культуры ў 1995 годзе. Нязменным кіраўніком калектыву з’яўляецца Рудзёнак Галіна Сяргееўна. У складзе калектыву 15 удзельнікаў ва ўзросце ад 8 да 18 гадоў.
Калектыў вядзе вялікую работу па адраджэнні, захаванні нацыянальнай культуры: займаецца распрацоўкай і адраджэннем традыцыйных святаў і абрадаў, якія існавалі на тэрыторыі Ушацкага раёна. Таксама з’ўляецца нязменным удзельнікам большасці мерапрыемстваў, якія праводзяцца ва ўстановах культуры раёна і вобласці ў фальклорным накірунку.
Рэпертуар калектыву складаецца з побытавых танцаў, абрадавых песень, карагодаў: “Ва саду лі”, “А на гарэ мак”, “Падушачка”, “А мы проса сеялі”, “А не самі мы запелі”; абрадаў: “Валачобнікі”, “Калядаванне”, “Прыбіранне маладой”, “Першы дзень вяселля ў маладой”, “Дарога да вянца”, “Рагатка”, “Талака”; абрадавай гульні “Жаніцьба Цярэшкі”. Вядзецца работа па ахове і папулярызацыі нематэрыяльнай спадчыны.
Калектыў “Спадчына” з’яўляецца пастаянным удзельнікам рэспубліканскіх, абласных і раённых мерапрыемстваў: тэлевізійнага праекта “Беларусь – мая песня”; ІІ Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь – мая песня”; абласнога свята гульнёвага фальклору “А давайце пажэнім Цярэшку”; абласнога свята-конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны “Вялікая вясельніца”; абласнога агляду-конкурсу калектываў мастацкай творчасці і аматарскіх аб’яднанняў з найменнем “народны”, “узорны” – “Званне падцвярджаю”. Калектыў шмат год прадстаўляе Ушаччыну на адкрытым турніры нацыянальных танцаў “Танчым разам”, які праходзіць у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”; на абласным аглядзе-конкурсе фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі “Ад прашчураў – да зор”.