УЗОРНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ КАЛЕКТЫЎ ”ШЧОДРЫКІ“

ДУК ”Палац культуры г. Барань Аршанскага раёна“

[ngg src=»galleries» ids=»28″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]

Узорны фальклорны калектыў ”Шчодрыкі“ быў створаны ў 1992 годзе як спадарожнік народнага ансамбля народнай музыкі і песні ”Крынічанька“. У 2002 годзе калектыву было прысвоена ганаровае найменне ”ўзорны“. Стваральнікам і нязменным кіраўніком калектыву з’яўляецца Вячаслаў Шпакоўскі, хормайстар – Алена Іванова. У фальклорным калектыве ”Шчодрыкі“ займаецца звыш 15 хлопчыкаў і дзяўчынак, ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў. Гэта – дзеці, унукі ўдзельнікаў ансамбля народнай музыкі і песні ”Крынічанька“ і вучні школ горада.
Кіраўнік калектыву, які валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі і добрай прафесійнай падрыхтоўкай, навучае дзяцей выканальніцкаму майстэрству ігры на гармоніках, лыжках, дудках, балалайцы, флейце, барабане, бубне, знаёміць з нотнай граматай. Удзельнікі вывучаюць традыцыйныя святы і абрады беларусаў, побытавыя танцы.
Удзельнікі ”Шчодрыкаў“ прыходзяць на рэпетыцыі народнага ансамбля народнай музыкі і песні ”Крынічанька“, дзе пераймаюць манеру выканання народных танцаў, праглядаюць відэазапісы розных фальклорных калектываў. Усе творы ўзорнага фальклорнага калектыву ”Шчодрыкі“ гучаць толькі на беларускай мове.
У рэпертуар калектыву ўвайшлі творы, сабраныя падчас фальклорных экспедыцый ад жыхароў вёсак Балбасава, Бранцава, Казловічы, Рымкі Аршанскага раёна. Калектыў мае вялікую фанатэку фальклорнага матэрыялу.
Калядныя, масленічныя, купальскія, жніўныя, пазаабрадавыя беларускія народныя песні, танцы, гульні ўдзельнікі пераймаюць разам з манерай выканання і з усімі этнафанічнымі асаблівасцямі ад мясцовых бабуль. Але з большай цікавасцю дзеці спяваюць вясёлыя пазаабрадавыя песні і прыпеўкі.
У рэпертуар калектыву ўвайшлі інструментальныя творы – ”Беларуская полька“, ”Свеціць месяц“, беларускія побытавыя танцы ”Яблычка“, ”На рэчаньку“, ”Кракавяк“, ”Падэспань“, танец з лыжкамі ”Барыня“; беларускія народныя песні ”Ох, і сеяла Ульяніца лянок“, ”Беларускія прыпеўкі“,”Эх бульбачка“, ”Хадзіў камар“, ”Драчонікі“, масленічныя песні ”А казалі масленка“, ”А на гары елка“, запісаныя ў в. Балбасава ад Франковай Вольгі Сцяпанаўны, калядныя песні ”Ой калядныя, бліны ладныя“, ”Ой калядачкі“, калядная гульня з мядзведзем, запісаная ад Анішчанка Марыі Палікарпаўны з в. Бранцава, купальскія песні ”Ой месяцу, месяцу“, ”Пойдзем, пойдзем лугам“ і інш.
З вялікім натхненнем хлопцы і дзяўчаты ўдзельнічалі ў здымках праграмы ”Спявай душа“ і фільма пра гістарычнае мінулае г.Орша з цыкла ”Зямля Беларуская“ (тэлеканал ”Лад“), у перадачах ”Наперад у мінулае“ (тэлеканал ”Беларусь 3“), ”Вячэрні Віцебск“ (тэлерадыёкампанія ”Віцебск“).
Ніводнае раённае свята ”Масленка“ не абыходзіцца без маленькіх удзельнікаў фальклорнага калектыву ”Шчодрыкі“. На санным цягніку ездзяць яны па горадзе з гармонікамі, запрашаюць усіх жыхароў на свята, а потым маленькія музыканты граюць беларускія народныя танцы: ”Падэспань“, ”Кракавяк“, ”Вальс“, ”Беларускую польку“, ”Лявоніху“. Пад іх акампанемент з вялікай асалодай танчаць усе жыхары горада.
Самай значнай падзеяй для калектыву стаў удзел у Рэспубліканскім семінары практыкуме ”Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці дзяцей і моладзі сродкамі традыцыйнай культуры. З вопыту работы устаноў культуры па развіцці фальклору і народых мастацкіх рамёстваў у рэгіёнах Віцебскай вобласці“, які адбыўся 20 верасня ў дзяржаўнай установе культуры ”Цэнтр рамёстваў г.п. Копысь Аршанскага раёна“.
Калектыў выступае на розных канцэртных пляцоўках горада, раёна і вобласці. Удзельнічае ў розных абласных і міжнародных фестывалях і святах. Не раз станавіўся лаўрэатам і дыпламантам абласнога агляду-конкурсу фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі ”Ад прашчураў да зор“, тэлевізійнага конкурсу ”Звёздный путь“, Міжнароднага фестывалю ”Роза ветров“, фальклорнага фестывалю ”Бараньскія музыкі“ і інш.
На працягу года ў калектыве праводзяцца майстар-класы для вучняў школ горада, дзе яны знаёмяцца з работай калектыву, далучаюцца да ігры на розных музычных інструментах.