Выраб валёнак характэрны для Міёршчыны з даўніх часоў і быў распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі краю.Дакладных пісьмовых крыніцпра гісторыю гэтага рамяства на Міёршчыне на цяперашні час не знойдзена. Як кажуць самі майстры, тэхналогія вырабу гэтага абутку перадавалася ад пакалення да пакалення праз вусныя паведамленні і непасрэдны ўдзел маладых майстроў ў працэсе вырабу валёнак. Носьбіты традыцыі Міёршчыны, а зараз іх ужо не так шмат, атрымалі рамесныя навыкі і прылады працы ў спадчыну ад бацькоў і дзядоў.
Значнасць гэтага віду рамяства ў наш час ні ў каго не выклікае сумнення: вырабляецца зручны, цёплы, натуральны абутак, які зімой абараняе ногі ад холаду. Таму рамяство актуальнае і карыстаецца попытам. Валёнкі вырабляюцца з авечай воўны, якую стрыгуць у адпаведны час, восенню ці вясной, каб была неабходнай даўжыні. Яе не мыюць, каб лягчэй збівалася. Адметнасцю з’яўляецца тое, што носьбіты традыцыі карыстаюцца арыгінальнымі прыладамі працы, якія не змяняюцца на працягу ста гадоў, захоўваюць лакальныя назвы: “чохры” (дошкі з набітым дротам для расчэсвання воўны, спружынныя нажніцы, раўнавагі і інш.
Увесь працэс вырабу валёнак адбываецца ўручную, паступова і доўга, спачатку шляхам скручвання нарыхтоўкі ў розных кірунках, абстуквання, перыдычнага змочвання цёплай вадой, а затым – для наданні формы і памеру – ўнутр загатовак устаўляюцца самаробныя драўляныя калодкі і кліны. Пасля таго, як сцячэ вада, валёнкі ставяцца на стол для прасушкі. Некаторыя з іх на пятцы абшываюцца скурай для таго, каб даўжэй праслужылі. Носяцца таксама валёнкі з галёшамі.
Зараз на Міёршчыне выраб валёнак ажыццяўляецца для самастойнага выкарыстання, або на заказ, а таксама для продажу на мясцовых кірмашах.