У вясельнай традыцыі Дубровеншчыны да нашага часу захаваліся некаторыя звычаі ў выглядзе гульняў, песняў, жартаў, прымеркаваныя да розных этапаў традыцыйнага вяселля. Усе яны закліканы запраграмаваць жыццё маладой сям’і ў ладзе, дабрабыце, ўзаемаразуменні і павазе паміж сабой, са сваякамі і з усёй супольнасцю.
Дзеля гэтага ў першы дзень вясельны поезд вітаюць не толькі ўдзельнікі ўрачысасці, але і чужыя людзі. Звычай мае мясцовую назву “Драць зайца” і ўключае сустрэчу маладых з кветкамі і хлебам-соллю на перагароджанай дарозе, жартоўныя песні з патрабаваннем выкупу, спрэчкі са сватам.
Вясёлыя стасункі ўдзельніка ў вяселля і тых, хто жыве побач выбудоўваюцца падчас звычаю наступнага дня “Ганяць маладую на ваду”, калі ўсе з жартамі і гульнямі ходзяць да бліжэйшага вадаёма. Сімвалічнае пазбаўленне ад усяго злога адбываецца падчас гульні “Ганяць сучку”, у якую перапранаецца адна са здольных да пераўвасаблення жанчын. Усё лепшае, што павінна атрымаць маладая сям’я, сімвалізуе “рагаты” каравай, якім адорваюць маладых, а дадатковыя “рогі” (яблыневыя галінкі, упрыгожаныя цестам, папяровымі кветкамі, слодычамі) хросная маці “прадае” гасцям за шчодрае ўзнагароджанне або дасціпны язычэнні. Вяселле часта завяршаюць “пабряхушкі”, вясёлыя спеўныя спрэчкі гасцей, і “пасахі”, невялікія булачкі з макавым начыннем, што дораць гасцям на развітанне.
Комплекс вясельных звычаяў, які захаваўся ў Дубровенскім раёне ў жывой форме даносіць архаічныя сэнсы вяселля, мае багата прадстаўлены смехавы тэатральна-гульнёвы пачатак, цесна звязаны з вераваннямі і перакананнямі, якія аказалі ўплыў на духоўнае развіццё беларускага народа. Звычаі практыкуюцца многімі жыхарамі раёна падчас правядзення вяселляў. Носьбіты перакананы ў неабходнасці зберажэння мясцовых традыцый вясельных звычаяў, перадачы іх наступным пакаленням, лічаць іх цікавай і важнай часткай сваёй культурнай спадчыны. Удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Кудзеліца” ДУК “Раённы цэнтр народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Дубровенскага раёна” спяваюць песні падчас сустрэчы вясельнага “поезда”. Носьбітамі каравайнага абрада зараз з’яўляецца сям’я каравайніцы Тамары Сіняковай з в. Ляды Дубровенскага раёна і ўдзельнікі народнага клуба нацыянальнай кухні і беларускай гульні “Дубровенскія прысмакі”.