З’яўляецца жывой унікальнай праявай лакальнай культуры.
Хлеб на сённяшні дзень лічыцца асноўным прадуктам харчавання. З яго пачынаецца і заканчваецца сямейная традыцыя ежы. З хлебам вітаюць і праводзяць гасцей, з ім ідуць ў сваты, на вяселле, сустракаюць маладых.
У шэрагу сямей вёскі Дзеркаўшчына па сённяшні дзень выпякаюць хлеб у печы з жытняй (аржаной) мукі ў спецыяльных формах, на бляхах, на лістах клёну, дубу, аеру вялікімі боханамі (адпаведна памерам формы, бляхі) з запасам, прыкладна, на тыдзень. Такі хлеб не чарсцвее 7 дзён.
Працэс прыгатавання жытняга хлеба (аржанога, чорнага, крупнага памолу) складаецца з некалькіх стадый: прыгатаванне квасніка (закваскі), квасу, на якім рашчыняецца хлеб, замескі і выпечкі хлеба.
Элемент бытуе ў натуральным вясковым асяроддзі. Жыхары в. Дзеркаўшчына захавалі сельскагаспадарчы ўклад жыцця. Хлеб вырабляецца з жыта, якое з’яўляецца традыцыйнай зернавой культурай на Глыбоччыне. Найбольш карысныя і цікавыя рэцэпты выпечкі хлеба ў вёсцы Дзеркаўшчына Глыбоцкага раёна менавіта з жыта. Носьбіты выпякаюць хлеб не толькі для сваіх сямей, а і на розныя вясковыя і рэгіянальныя мерапрыемствы і ўрачыстасці: святы, выставы народнай творчасці, для сустрэчы розных дэлегацый. Выпякаюць хлеб і па замове, як для аднавяскоўцаў так і для прыезджых гасцей, турыстаў. Ніводнае раённае свята не абыходзіцца без духмянага смачнага хлеба Сцепаніды Аляксандраўны Лупач. Маюць магчымасць пакаштавацб яе хлеб і замежныя госці.