Клёцкі з “душамі” з’яўляюцца традыцыйнай стравай усіх жыхароў заходняй тэрыторыі Віцебскай вобласці. Гатуюць гэтую страву жыхары Лепельскага, Докшыцкага, Ушацкага, Глыбоцкага, Пастаўскага, Шаркаўшчынскага, Браслаўскага, Міёрскага, Верхнядзвінскага, Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобласці. Клёцкі бытуюць як у гарадскім і ў вясковым асяроддзі, а гатуюць іх і старэйшае, і малодшае пакаленне.
Паэтычная назва гэтага элемента культуры харчавання паходзіць ад начынкі, якая змяшчаецца ў сярэдзіне клёцкі і называецца “душой”. Адметнасцю нашых клёцак з’яўляецца тое, што душа ў іх гатуецца выключна з крышанага на невялікія кавалачкі мяса ці сала. Да прыгатавання клёцак гаспадыні падыходзілі з усёй адказнасцю. Апраналі чыстую вопратку – кофту, хвартух, хусцінку завязвалі назад.
Клёцкі, як рытуальная страва гатуюцца на Дзяды, а таксама з’яўляюцца абавязковай стравай на жалобным памінальным стале, але з цягам часу іх пачалі ўжываць больш шырока. У будні дзень клёцкі таксама гатуюцца, але часцей у выхадныя дні, калі за сталом збіраецца ўся сям’я. Паколькі клёцкі “з душамі” гатуюць у час гадавых пастоў і святочных дзён, а таксама падаюць на стол падчас памінання продкаў – элемент выконвае сакральную функцыю. Гэтая страва – своеасаблівы маркер рэгінальнай кухні, падкрэслівае адметнасць культуры Віцебшчыны, яе традыцый. Спажыванне традыцыйнай стравы клёцкі з “душамі” яднае род за сямейным сталом, спрыяе выхаванню ў новых пакаленняў паважлівых адносін да продкаў, іх традыцый, і захаванню сваёй культурнай адметнасці.
Практыка элемента не перарываецца, што звязана з іх трывалым замацаваннем у харчовай сістэме. Рэцэпты клёцак перадаюцца з пакалення ў пакаленне, тэхналогія прыгатавання з года ў год не змяняецца.
Клёцкі ўжываюць як самастойную страву, а таксама падаюць са шкваркамі, смятанай, малаком. На стол ставяць звычайна ў той пасудзіне, ў якой яны гатаваліся, або накладваюць у вялікую міску ці талерку каб даўжэй заставаліся гарачымі.
“Клёцкі з “душамі” – адметная рэгіянальная страва, якая ўжо стала кулінарным брэндам Віцебшчыны, пазнавальным па сваіх смакавых і эстэтычных якасцях, і можа далей развівацца, у прыватнасці, выкарыстоўвацца гаспадарамі аграсядзіб, адлюстроўваючы тым самым рэгіянальную кухню.
Клубы беларускай нацыянальнай кухні, якія дзейнічаюць амаль у кожным раёне Віцебскай вобласці на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях, святах, аглядах заўсёды прапануюць усім жадаючым пакаштаваць гэту традыцыйную страву.







