«Жаніцьба Цярэшкі» — абрадавая гульня каляднага цыкла, унікальны жывы элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, які прыйшоў да нас з глыбокай мінуўшчыны. Гульня праводзіцца ў часы сонцазвароту па традыцыйным абрадавым рэгламенцешлюбных навагодніх забаў моладзі.
Зона бытавання жывой традыцыі гульні-абрада ў Лепельскім раёне – вёскі Велеўшчына, Поўсвіж, Аношкі, Стары Лепель, Барсукі, Цярэшкі.
Калядна-абрадавая гульня ўяўляе сабой вясельна-тэатральную дзею, у якой спалучаюцца тэатр, спевы, танцы, музыка, імправізацыя. Сутнасць гульні заключаецца ў магчымасці для моладзі праявіць сваю прыхільнасць для знаёмства, знайсці сабе пару. З боку старэйшых выбіраюць «бацьку» і «маці», якія сочаць за парадкам правядзення абраду «Жаніцьбы Цярэшкі», рытуальна-абрадавым частаваннем і агульным вяселлем, дзе няма гледачоў і выканаўцаў, усе з’яўляюцца ўдзельнікамі. Даволі часта пары-ўдзельнікі каляднай абрадавай гульні, потым спраўляюць сапраўднае вяселле.
Галоўны персанаж каляднага ігрышча Цярэшка мае міфічнае паходжанне. Цярэшка сустракаецца ў народнай казцы як «драўляны хлопчык», што ажывае на радасць бяздзетным бацькам. «Цярэшка» — нацыянальная культурная адметнасць беларусаў. Слова набывае агульна беларускі сэнс, што праяўляецца ў тапаніміцы (асабліва ў назвах вёсак) народнай творчасці (найбольш каляндарнай і казкавай), сучаснай культуры.