Маляваны дыван як самастойны від народнага мастацтва ўзнік на аснове дэкарацыйнага малярскага рамяства на апошняй стадыі яго развіцця ў 1920-я гады і плённа развіваўся да 1960-х гадоў. За прыгажосць і гармонію ідылічных сюжэтаў і раслінных матываў маляваныя дываны атрымалі ў народзе ласкавую назву – “маляванкі”. Дываны прызначаліся для аздаблення сцяны над ложкам. Яны ўваходзілі ў пасаг маладой дзяўчыны і спраўляліся перад вяселлем.
Працэс аднаўлення традыцый маляванага дывана Віцебскага Паазер’я распачаўся з другой паловы 1980-х гг. шляхам правядзення выстаў, конкурсаў, навучальных урокаў, збірання калекцый. У мерапрыемствах бралі ўдзел носьбіты традыцыі, якія дзяліліся сваімі навыкамі з маладымі мастакамі. Непасрэдныя стасункі з пакаленнем сталых майстроў мелі Г.П. Таляронак, С.А. Скавырка, А.А. Выжыкоўская, А.Г. Таляронак, Л.М. Маяк, В.У.Беласлудцава, В.М. Гукава, Я.Б. Ліманоўская. Сёння яны з’яўляюцца паўнавартаснымі пераемнікамі сакрэтаў рамяства, працуюць у класічных формах маляванкі з адметнымі вобразамі і сюжэтамі, характэрнымі для індывідуальнай творчасці.Традыцыя маляваных дываноў характэрна для захаду Віцебскай вобласці (Віцебскага Паазер’я): Браслаўскага, Шаркаўшчынскага, Докшыцкага, Глыбоцкага і Пастаўскага раёнаў.
Тэхналагічныя і мастацкія асаблівасці стварэння маляванак у сучасных майстрых амаль аднолькавыя. Яны развіваюць традыцыю вырабу дываноў пры дапамозе штампаў і трафарэтаў, але большасць з іх аддаюць перавагу вольнаму роспісу пэндзалем. Штампы робяць з гародніны, лінолеума. Выкарыстоўваюць акрылавыя фарбы. Майстрыхі ўзбагачаюць традыцыйныя кветкавыя матывы выявамі нацюрморта з садавіны і вінаграда, архітэктурнымі, пейзажнымі і анімалістычнымі матывамі.Па-ранейшаму ўстойлівым кампанентамдыванковых пейзажаў з’яўляецца водная стыхія: азёры, ручаі, на якія так багаты Віцебскі край.
Майстры з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі шматлікіх выставак і святаў народнай творчасці, іх работы заўсёды ацэньваюцца на высокім узроўні. Сучасныя носьбіты традыцыі ажыццяўляюць перадачу свайго майстэрства праз правядзенне майстар-класаў, вядуць гурткі па маляванцы, бо лічаць свае ўменні каштоўнасцю, якая павінна жыць і перадавацца з пакалення ў пакаленне.
Установы культуры Віцебскай вобласці мэтанакіравана праводзяць работу па вывучэнню, адраджэнню і папулярызацыі мастацтва маляваных дываноў. Так, з гэтай мэтай у 2009 годзе ладзілася выстава і абласное свята-конкурс майстроў народнага і сучаснага мастацкага роспісу “Райскі сад”. А ў ліпені 2014 года ў межах ХХІІІ Міжнароднага фестываля мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” адбылося Міжнароднае свята-конкурс майстроў народнага дэкаратыўнага малявання “Фарбы нябёсаў”.Такім чынам, можна з упэўненасцю сказаць, што сёння адбываецца другое нараджэнне маляванкі.