Ткацтва посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору Лепельскага раёна Віцебскай вобласці

Элемент ўяўляе сабой веды і навыкі, звязаныя з традыцыйным ткацкім рамяством, прызнаныя супольнасцю Лепельскага раёна ў якасці часткі іх культурнай спадчыны, якая перадаецца ад пакалення да пакалення і фарміруе ў іх пачуццё ідэнтычнасці і пераемнасці, садзейнічае тым самым павазе да культурнай разнастайнасці і творчасці чалавека.

Выраб “адзіяла накладанага” ў тэхніцы аднабаковага перабору вядомы з канца 19 ст., уяўляе сабой ткацтва палатна чорнага колеру, тканага палатняным перапляценнем (“у проста”), з накладаннем нітак для ўзору. Адметнасць у тым, што для ўзора, ніткі асновы дзеляцца на слупкі аднолькавай шырыні (шырыня вызначаецца згодна малюнка, але як правіла гэта 6, 8, 10 нітак для слупка і 2 ніткі для прыціскання). Колькасць узорных нітак, якія пракідваюцца ва ўток, павінна ўтварыць клетку. З клетак і ствараецца ўзор, які падбіраецца вольна.

Кожны элемент узору закладваецца ўручную па ліку слупкоў, падзеленых страчавымі ніткамі. Пры разваротах з сподняга боку ўзорныя ніткі ўтвараюць пяцелькі. Узорны ўток пракідваюць не праз усю шырыню тканіны, а толькі па асобных участках ніткамі рознага колеру. Для замацавання ўзорнага ўтку служылі страчавыя ніткі асновы, якія адначасова ўтваралі фонавае палатно. Пры запраўцы станка на Лепельшчыне ў 4 ніты ніткі для стоўбікаў запраўляюцца ў няцотныя ніты (1, 3), а страчавыя ніткі ў цотныя (2, 4). Так як у другіх рэгіёнах страчавыя ніткі набіраліся на дошчачку-бральніцу.

Існуе некалькі характэрных асаблівасцяў для “адзіял накладаных”, сатканых ў Лепельскім раёне:

-можа складацца з двух полак, бо станкі, якія выкарыстоўваюцца для ткацтва, запраўляюцца толькі пад 60-80 см.

-кожная з двух полак, якія сшываліся паміж сабой, маглі мець розны арнамент і ў рэдкіх выпадках з сподняга боку падшываліся тканінай.

Простыя матывы з утварэннем вялікіх разетак з больш мяльчэйшых элементаў, згрупаваных вакол іх, у вёсках Ворань, Заазер’е, Домжырыцы Лепельскага раёна атрымалі народную назву “Арцабы”, характэрны для посцілак буйныя кветкі, бутоны ружаў, птушкі і зоркі.

Для тэхнікі ўласцівы свой стыль утварэння дэкаратыўных элементаў, абумоўлены яе магчымасцямі. Малюнкі і элементы, разнастайныя па пластыцы, памеру, маштабу і кампазіцыйнай будове.

Сыравінай для вырабу ўзорных тканін здаўна служылі як ільняныя і ваўняныя ніткі дамашняга прадзення, так і пакупныя. Акрамя ваўняных, ільняных, майстрыхі куплялі і шырока выкарыстоўвалі баваўняныя, змешаныя валокны разнастайных колераў.

Посцілка – гэта палатно, якое выкарыстоўваюць для засцілання ложка, лавы, воза і ў іншых выпадках. Дыван – больш дэкараваны, яркі, дарагі святочны выраб.

Выяўленчыя матывы, якія выкарыстоўваюцца пры аздабленні посцілак і дываноў, не адносяцца да адметных асаблівасцяў элемента.

Майстры па ткацтву – Петухова Наталля Аркадзьеўна, Камека Алена Генадзьеўна – перанялі рамяство ад носьбітаў – Барадзейка Ганны Фёдараўны 1913 г.н., в.Юркоўшчына, Аўтушка Ніны Паўлаўны 1912 г.н., в.Домжарыцы, Смажэўскай Кацярыны Цімафееўны 1930 г.н., в.Стаі, Фокінай Галіны Савельеўны 1929 г.н. Гэтыя майстры ствараюць рэканструкцыі тканых рэчаў, якія з цягам часу згубілі эстэтычны выгляд, робяць уласныя творы на кроснах. Навучаюць усяму таму, што ведаюць самі падмайстэр’яў, дзетак на гуртковых занятках. Актуальным сёння з’яляецца правядзення майстар-класаў, як адкрытых (падчас кірмашоў, фестываляў народнай творчасці розных узроўняў, так і для больш вузкіх аўдыторый: школьнікаў, груп турыстаў, асобных наведвальнікаў Лепельскага Цэнтра рамёстваў.