“Масляны баран” – святочная страва, гатуецца на розныя мерапрыемствы і ўрачыстасці, выкарыстоўваецца як для ўпрыгожвання стала, так і ў якасці прадукта харчавання. Гэта хатняе масла, зробленае па традыцыйнай рэцэптуры, эстэтычна аформленае ў выглядзе “барана”.
Некалі “Маслянага барана” гатавалі многія сем’і в. Мацюкова, але на сённяшні дзень традыцыйнай тэхналогіяй валодаюць члены толькі адной сям’і, сярод іх старэйшая захавальніца старажытнай рэцэптуры – Струй Тэрэса Янаўна.Тэхналогія прыгатавання гэтай, і многіх іншых традыцыйных страў перадаецца з пакалення ў пакаленне ў сям’і Струй, члены якой транслююць веды, звязаныя з элементам, у форме вуснага тлумачэння і практычнага паказу ўсім жадаючым вяскоўцам.
Прыгатаванне гэтай стравы пачынаецца са збору смятаны. Затым у спецыяльнай драўлянай бойцы ўзбіваецца масла. Калі масла збілася, зліваецца маслёнка, прамываецца масла ў некалькіх водах, абавязкова соліцца. Затым масла сціскаюць у камок прадаўгаватай формы і выразаюць фігуру барана. Пры дапамозе марлі ці бінта робіцца авечая поўсць (воўна), якая ножыкам лёгка прыціскаецца да выразанай фігуры. З воску робяцца рожкі, з гарошку перцу робяць вочкі. Апошнім штрыхом з’яўляецца ўпрыгожванне маслянага барана рознай зелянінай (рутай, шпарагусам, пятрушкай). Традыцыя прыгатавання стравы “Масляны баран” жывая і ў нашыя часы. Струй Тэрэса Янаўна па просьбах многіх вяскоўцаў гатуе яе для асабістага ўжывання на Вялікдзень, Троіцу. Сям’я Тэрэсы Янаўны ўжывае масла, прыгатаванае па традыцыйнаму рэцэпту і ў паўсядзённым жыцці.
Прыгатаванне “маслянага барана” – гэта спецыфічны культурны брэнд Глыбоччыны, характэрны для кухні менавіта гэтай вясковай супольнасці, таму захаванне рэцэптуры гэтай стравы, тэхналогіі яе прыгатавання падкрэслівае адметнасць культуры Віцебшчыны.