Элемент ўяўляе сабой веды і навыкі, звязаныя з традыцыйным выкананнем песень у манеры “ў перахлёст”, прызнаныя супольнасцю в.Багатырская ў якасці часткі іх культурнай спадчыны, якая перадаецца ад пакалення да пакалення і фарміруе ў іх пачуццё ідэнтычнасці і пераемнасці, садзейнічае тым самым павазе да культурнай разнастайнасці і творчасці чалавека.
На Полаччыне самабытныя спевы ў манеры ”у перахлёст“ бяруць пачатак з даўніх часоў. Носьбітамі спевы вядомы з пачатку XX века. Галоўнымі захавальніцамі гэтай асаблівай манеры спеваў был сям’я былога кіраўніка народнага фальклорнага ансамблю ”Галасы спадчыны“ Багатырскага сельскага Дома культуры Веры Уладзіміраўны Пісюковай: дзядуля Корнеў Ягор Фокавіч, селянін, добры музыка, іграў на скрыпцы і спяваў; бабуля – Корнева Марыя Емельянаўна, сялянка, валодала моцным прыгожым голасам, разам з мужам спявала на ўсіх вясковых святах і вяселлях. Менавіта яна навучыла спяваць сваю дачку Яўгенію Ягораўну Драздову (1912 года нараджэння, месца нараджэння в.Скавародзіна, Юравіцкага сельскага савета Полацкага раёна) – сапраўдную захавальніцу мясцовых абрадавых і спеўных традыцый, завадатарку усіх каляндарных і сямейных свят, якая ў юным узросце была прынята ў нянькі да дзяцей знакамітага беларускага мастака Івана Хруцкага, маёнтак якога знаходзіўся непадалёк у вёсцы Захарнічы. Менавіта за прыгожы мілагучны голас Іван Хруцкі і ўзяў юную Яўгенію ў нянькі, каб яна вучыла песням яго дзяцей. Яўгенія Ягораўна валодала асобнай манерай спеваў ў перахлёст, была запявалай і вяла падгалосак, знала безліч песень, спявала да апошняй хвіліны свайго жыцця. Яўгенія Ягораўна Драздова, як і яе маці, абудзіла песенную душу ў сваёй дачкі Веры Уладзіміраўны Пісюковай (у дзявоцтве Драздовай), якая больш 40 гадоў была кіраўніком народнага фальклорнага ансамблю ”Галасы спадчыны“ Багатырскага сельскага Дома культуры, валодала чыстым, гучным голасам і навучыла спяваць у манеры ”ў перахлёст“ удзельніц свайго калектыву. Такім чынам не перарывалася сувязь часоў.
На працягу гадоў яна актыўна займалася вывучэннем фальклорнага матэрыялу, які потым выкарыстоўвала для сцэнічнага рэпертуару свайго калектыву. З яе непасрэдным удзелам падрыхтавана фанатэка абрадавых песень, сабраных з вёсак Пазнякова, Дразды, Баянаўшчына, Скабы.
Спевы ”ў перахлёст“ адлюстроўваюць этнаграфічную асаблівасць паўночна-заходняга рэгіёна Беларусі, якую вызначае галоўным чынам аднагалоссе ў харавым спеве. Па словах носьбітаў – ”у перахлёст“ выконваюцца толькі асобныя жніўныя і купальскія песні, многія з якіх не маюць ўзросту, таму што запісаныя ад старэйшых носьбітаў, якія тыя перанялі іх ад сваіх маці і бабуль. Прызначаныя для выканання на адкрытым паветры, яны спяваюцца напружанымі, зычнымі галасамі, строфы заканчваюцца доўгім унісонам. Асаблівасць выканання – калі адную і тую ж музычную фразу па чарзе выконваюць некалькі груп спявачак. Песня спяваецца полузакрытым ротам, гук акругляецца. ”Гэта не паўтор кожнага радка, а меладычна працяглая мелодыя. Яна цягнецца і на гэтую мелодыю накладваецца паўтор…“ – з успамінаў носьбіта В. У.Пісюковай. У гэтай манеры калектыў аднавіў і спявае асобны пласт жніўных і купальскіх песень, якія звычайна складаюць аснову летняга каляндарнага цыкла. Як правіла, існуе адзін напеў, на які распяваецца цэлы шэраг паэтычных тэкстаў. Падкрэслім самыя яскравыя і каларытныя з іх, якія захаваліся калектывам: жніўныя песні ”Як пайду я каля лесу блізка“ (спявалі калі ішлі ў поле на працу), ”Гаварыла ядраное жыта“ (спявалі перад самым пачаткам працы), ”Перапёлка“ (спявалася для дзяўчыны), ”Нядоля, нядоля“ (спявалася для свякроўкі).
Амаль у кожным населенным пункце было ўзвышша. Падчас свята Купалле дзяўчаты і жанчыны паднімаліся на ўзвышша, каб дакладней было чуваць навокал спевы. Потым збіралі кветкі, упляталі іх у косы, спляталі вянкі. З купальскіх песень калектывам адноўлены: ”А на гарэ Купала“ (песня пра купальскія зёлкі), ”Купалінка ноч маленька“ (песня маладых дзяўчат пра будучы лёс), ”Пойдзем, дзеўкі, каля жыта“ (песня-абярэг, спявалася надвячоркам да пачатку свята Купалле, дзяўчаты з гэтай песняй абыходзілі вакол вёскі), ”У цёмным лесе граманіна“ (спявалася для шматдзетнай маці), ”Мар’я Івана гуляць звала“ (спявалася для маладой дзяўчыны), ”Купала дзе ты прабывала“ (выказвалася любоў да бацькоў), ”Іван маладой“ (пра лёс роднай і няроднай дачкі), ”Зялёненькі вінаград“ (спявалася для дзяўчыны, якая збіраецца замуж) і іншыя.
Вадзілі карагоды і спявалі, напрыклад: ”Перад Пятром пятым днём“, ”Перапёлка“, ”Чырвоная роза“. З купальскімі песнямі абыходзілі вакол вёскі як абярэг, заклікаючы прыроду не знішчаць будучы ўраджай, а павялічваць. Пад раніцу усе вярталіся да дому, спяваючы ”бараду“ – кожны пеў сваю песню. Чый голас выдзяляўся, таму казалі будзе спрыяць шчасце і дабрабыт. Таму кожны стараўся спяваць грамчэй за ўсіх.
Спевы ”ў перахлёст“ – гэта самабытная версія антыфонных спеваў, якія ў цэлым з’яўляюцца адной з універсалій сусветнай музычнай культуры. У народнай культуры Беларусі такі спосаб спявання замацаваўся толькі ў паўночным гісторыка-этнаграфічным рэгіёне – Паазер’і, дзе ён таксама атрымаў назвы ”на дзве (тры) пары“, ”на дзве (тры) змены“, ”на два (тры) пункты“, ”з перахватам“, ”песні з адпевам“, ”спяваць у расцяжку“ і інш. У такім стылі ў іншых лакальных паўночнабеларускіх традыцыях выконваюцца песні купалля, жніва, восені і вяселля. Для пяці другіх рэгіёнаў Беларусі аналагічны антыфон не характэрны.
З’яўляючыся адным з варыянтаў паўночнабеларускай версіі народных антыфонных спеваў, спевы ”у перахлёст“ вылучаюцца пэўнымі ўласна музычнымі стылявымі прыкметамі: тэмбрам, прыёмамі гукаўтварэння, спеўнай артыкуляцыяй, часам уступлення ў паўтор страфы другой групы (у адных традыцыях – на апошнім працяглым гуку, у другіх – паўтор пачынаецца раней, калі першай групай яшчэ дапяваюцца тры-чатыры апошніх гука). Такія мастацкія якасці робяць кожную мікралакальную традыцыю арыгінальнай і непаўторнай.


