Скавырка Святлана Анатольеўна

Скавырка Святлана Анатольеўна
1972 г.н.
г. Глыбокае, Віцебская вобл.

Скавырка Святлана Анатольеўна нарадзілася ў 1972 годзе ў в.Вішанка Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыла Бабруйскае мастацкае вучылішча №15 па спецыяльнасці “афарміцель цацак”. У 2011 годзе  атрымала спецыяльнасць “мастак-педагог” у Мінскім дзяржаўным педагічным універсітэце імя М.Танка. З 2005 года працуе ў Глыбоцкім Доме рамёстваў.

У 2008 годзе павышала сваю кваліфікацыю ў ДУА “Віцебскія абласныя курсы павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры” ў групе па традыцыйных беларускіх рамёствах (маляваныя дываны).

У 2009 годзе была прынята ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.

Святлана Анатольеўна з’яўляецца пастаяннай удзельніцай раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаў і святаў, ўзнагароджвалася граматамі і дыпломамі. Майстар правяла шэраг персанальных выстаў: “Паслядоўнікі творчасці Я.Драздовіча”, “Мелодыя маляванкі”, “Маляваны цуд”, юбілейная выстава “Маленькая большая жизнь” і іншыя, а таксама  майстар-класы з мэтай  папулярызацыі мастацкага роспісу. У 2009 г. Святлана Анатольеўна стала лаўрэатам свята-конкурсу майстроў народнага малявання і сучаснага роспісу “Райскі сад” у намінацыі “Роспіс па палатне”, а ў 2014 г. атрымала Гран-пры на свяце-конкурсе “Фарбы нябёсаў”, якія праходзіліў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

З 2016 года працуе загадчыкам Глыбоцкага Дома рамёстваў.

Скавырка С.А. займаецца навуковай работай па вывучэнні асаблівасцей роспісу па тканіне на Глыбоччыне, творчасці Язэпа Драздовіча, пашырае традыцыйныя матывы тэмамі народных святаў і фальклору. Прыдала маляванцы форму дэкаратыўнага пано, што дазваляе вельмі арганічна скарыстоўваць яе ў сучасным прыватным і грамадскім інтэр’еры.

У 2014 годзе Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь элемент нематэрыяльна-культурнай спадчыны “Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я” ўнесены ў спіс нематэрыяльных  гісторыка-культурных  каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

У 2019 ў г.Глыбокае, Віцебскай вобласці праводзіўся пленэр майстроў дэкаратыўнага жывапісу “Райскі сад – 2019” у якім прыняла ўдзел і Святлана Анатольеўна, дзе майстар дзялілася ведамі і практычнымі навыкамі, сакрэтамі рамяства з усімі, хто праяўляў зацікаўленасць у гэтай справе і дапамагала непасрэдна стварыць маляваны дыван.