Сіманковіч Васіль Паўлавіч 1965 г.н. г. Гарадок, Віцебская вобл. |
Сіманковіч Васіль Паўлавіч – майстар лозапляцення, саломапляцення і інсітнага мастацтва. Член Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Вытокі” Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору.
У 2008 года Сіманковіч В.П. уступіў у Беларускі Саюз майстроў народнай творчасці. З 2011 па 2014 гг. займаў пасаду дырэктара Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору.
Майстар плённа займаецца навукова-даследчай працай па аднаўленні архаічных спосабаў пляцення: альхі, чаромхі, алешніку і лазы карэннямі хвойных парод дрэў. Вядзе дзейнасць па збіранні і фіксаванні этнаграфічных матэрыялаў. Распрацаваў уласны аўтарскі стыль пляцення вырабаў з выкарыстаннем лазовай кары.
Васіль Паўлавіч пераняў ад Народнага майстра Гаравой Л.Г. майстэрства старажытнай традыцыйнай тэхнікі спіральнага пляцення з выкарыстаннем саломы, заплеценай лентай з лазы або з кораня сасны. Майстрам створана калекцыя спіральных вырабаў па этнаграфічных узорах, знойдзеных у экспедыцыях па Гарадоцкім раёне.
За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва Васіль Паўлавіч у 2011 годзе атрымаў прэмію Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ў намінацыі “Лепшы майстар традыцыйных рамёстваў”.
Сіманковіч В.П. – творчы і актыўны чалавек, прымае ўдзел у міжнародных, рэспубліканскіх і абласных выставах. У 2014 годзе Васіль Паўлавіч заняў I месца наVІ Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў “Вясновы букет”. У 2015 г. майстар удзельнічаў у выставе-продажы ІХ Ягелонскага кірмашу (Рэспубліка Польшча, г. Люблін), дзе атрымаў дыплом за лепшае афармленне пляцоўкі і запрашэнне на Х Ягелонскі кірмаш. У 2016 годзе майстар ўдзельнічаў у абласным свяце-конкурсе “Лазовы прут — 2016” у межах “Славянскага базара ў Віцебску” і атрымаў І месца ў намінацыі “За лепшую калекцыю хатніх твораў”. Рашэннем Гарадоцкага выканаўчага камітэта Сіманковіч В.П. занесены на раённую дошку гонара за мэтанакіраваную працу па адраджэнні і захаванні народных рамёстваў.
Васіль Паўлавіч распрацаваў метадычны дапаможнік па спіральнаму пляценню і падрыхтаваў па гэтай тэме матэрыял на ўключэнне ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У студзені 2020 г. тэхналогія спіральнага пляцення Віцебскай вобласці атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Сіманковіч Васіль Паўлавіч зрабіў значны асабісты ўклад у традыцыйную культуру і ў 2016 годзе атрымаў ганаровае званне “Народны майстар Беларусі”.
[ngg src=»galleries» ids=»19″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]