Шкрэдаў Мікіта Уладзіміравіч

Шкрэдаў Мікіта Уладзіміравіч
1991 г.н.
Віцебскі раён

Шкрэдаў Мікіта Уладзіміравіч нарадзіўся ў 1991 годзе ў горадзе Віцебску. У 2013 годзе скончыў філіял БДТУ ”Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны калледж“, дзе атрымаў мастацкую адукацыю. У 2018 годзе скончыў УА ”Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава“ па спецыяльнасці ”Мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва“ (вырабы з керамікі). З 2018 года працуе майстрам па ганчарству і мастацкай кераміцы Цэнтра рамёстваў ”Адраджэнне“ ДУК ”Віцебскі раённы цэнтр культуры і творчасці“.
Галоўным накірункам працы майстра з’яўляецца ганчарнае фармаванне. Асаблівая ўвага надаецца традыцыйным формам і спосабам апрацоўкі керамікі, аднак у сваёй працы майстар дэманструе не толькі навыкі традыцыйнага ганчарства, але і сучасныя напрамкі керамічных вырабаў і спосабаў іх дэкарыравання.
Мікіта Уладзіміравіч праводзіць актыўную працу з насельніцтвам з мэтай захавання традыцыйнай беларускай культуры. З’яўляецца кіраўніком дарослага аматарскага калектыву ”Гончарное дело“, мэта работы якога – развіццё і адраджэнне ганчарнага рамяства, знаёмства з гісторыяй і традыцыямі беларускай керамікі.
Займаецца аднаўленнем этнаграфічных вобразаў мастацкай керамікі Віцебскага раёна. Пад кіраўніцтвам майстра была адноўлена дроўная печ для абпалу керамікі, што спрыяе ў далейшым аднаўленню такога віду дэкарыравання як дымленне.
Выдатна прадстаўлена Мікітам Уладзіміравічам калекцыя посуду ў тэхніцы ганчарнага фармавання з выкарыстаннем тэхналогіі малочнага абпалу, якую зрабіў майстар. Прататыпам былі ўзоры керамікі XVII ст. з раскопак Куцеінскага манастыра ў горадзе Орша. Матэрыялы былі ўзяты з кнігі А.М.Ляўко ”Сярэднявечнае ганчарства паўночна-ўсходняй Беларусі“.
Мікіта Уладзіміравіч прымае актыўны ўдзел у розных выставах, конкурсах і фестывалях раённага, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.