Сарбаш Алеся Леанідаўна

Сарбаш Алеся Леанідаўна
1980 г.н.
Віцебскі раён

Сарбаш Алеся Леанідаўна нарадзілася ў 1980 годзе ў горадзе Віцебску. У 2001 годзе Алесі Леанідаўне прысвоена кваліфікацыя ”Вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі“ III разраду. У 2003 годзе скончыла Віцебскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж, аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе атрымала сярэдне-спецыяльную адукацыю.
З 2004 года працуе майстрам па мастацкай кераміцы Цэнтра рамёстваў ”Адраджэнне“ ДУК ”Віцебскі раённы цэнтр культуры і творчасці“, з’яўляецца кіраўніком дзіцячага аматарскага калектыву ”Гліняныя скарбы“.
Асноўным напрамкам работы майстра з’яўляецца мастацкая кераміка. Асаблівую ўвагу Алеся Леанідаўна надае стварэнню арыгінальных дэкаратыўна-прыкладных вырабаў, дробнай пластыцы, цацкам, свістулькам, увасабленню ў гліне жанравых сцэн беларускага побыту, традыцыйным казачным і гістарычным сюжэтам, мультыплікацыйным вобразам.
Алеся Леанідаўна з’яўляецца ўдзельнікам міжнародных, абласных, раённых, гарадскіх выстаў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, кірмашоў і фестываляў. Увайшла ў кнігу ”Забава. Народная цацка і лялька“, выдадзеную Віцебскім АМЦНТ, як майстар па вырабу традыцыйных цацак і свістулек. Зрабіла калекцыю традыцыйных свістулек, арыгінал якой быў знойдзены на рацэ Вымнянка і выраблены майстрам Якавам Разважным у пачатку XX стагоддзя.
У 2020 годзе свістулькі Віцебскага раёна, адноўленыя Алесяй Леанідаўнай, увайшлі ў Дзяржаўны спіс гісторыка культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як ”Традыцыйныя вобразы і тэхналогія вырабу гліняных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння“.