
Размысловіч Таццяна Фёдараўна
1979 г.н.
г. Лепель, Віцебская вобл.
Размысловіч Таццяна Фёдараўна нарадзілася ў 1979 г., скончыла Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж па спецыяльнасці ”тэхнік-тэхнолаг швейнай прамысловасці, майстар вытворчага навучання“. Пачала працаваць метадыстам-майстрам па ткацтве беларускага пояса, пазней – кіраўніком гуртка па ткацтве беларускага пояса ”Чароўны паясок“ у Лепельскім раённым Доме рамёстваў. З’яўляецца членам Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнай студыі майстроў народных мастацкіх рамёстваў ”Скарбонка“. З снежня 2021 года з’яўляецца дырэктарам Лепельскага Цэнтра рамёстваў.
Таццяна Фёдараўна – творчы і таленавіты майстар, захавальнік народных традыцый Лепельшчыны, а таксама настаўнік для падрастаючага пакалення. Працягвае справу па аднаўленні ткацтва паясоў. Набытыя веды прымяняе на практыцы, валодае шматлікімі тэхнікамі пляцення паясоў, вырабляе асаблівыя паясы з традыцыйнымі для Лепельшчыны ўзорамі ткацтва, працуе над папаўненнем калекцыі ”Беларускія паясы“ Лепельскага Цэнтра рамёстваў. Мае высокі ўзровень выканання, адчувае фактуру і спалучэнне традыцыйных колераў. З цікавасцю і стараннасцю майстрыха адносіцца да аднаўлення аўтэнтычных паясоў, праводзіць крапатлівую навукова-даследчую працу: вывучае ўзоры, аднаўляе мясцовыя тэхналогіі ткацтва і г.д. Да вырашэння пытанняў падыходзіць творча, імкнецца ўкараняць перадавы вопыт. Практычную дзейнасць увасабляе ў метадычныя распрацоўкі, у якіх падрабязна распісвае тэхнікі вырабу паясоў.
Таццяна Фёдараўна таксама валодае навыкамі вязання кручком, вышыўкі ў розных тэхніках і шыцця традыцыйнага адзення. Ахвотна праводзіць майстар-класы для наведвальнікаў Цэнтра рамёстваў. Прымае актыўны ўдзел у раённых, абласных і міжнародных выставах, конкурсах і фестывалях народнай культуры ў Беларусі, Расіі.
Пацвярджэннем таленту майстра служыць шэраг узнагарод: дыплом за актыўны ўдзел у свяце ”Лёзненскі кірмаш рамёстваў“ (Гран-пры ДУК ”Лепельскі Цэнтр рамёстваў“ (г.п.Лёзна, 2020 г.); дыплом за ўдзел у XII Рэспубліканскім фестывалі-кірмашу мастацкіх рамёстваў ”Вясновы букет“ (першае месца ДУК ”Лепельскі Цэнтр рамёстваў“ (г.Мінск, 2021 г.); гран-пры міжнароднага конкурсу майстроў традыцыйнага ткацтва ”Палатняныя пераплёты – 2022“ (г.Віцебск, 2022 г.); дыплом I ступені ў абласной выставе-конкурсе па рэгіянальнаму інтэр’ернаму тэкстылю Віцебшчыны ”У роднай хатцы ў калысцы, на палацях, на ложку (коўдры, покрыўкі, посцілкі, накідкі, падзоры, падушачкі-думачкі і інш.)“ у намінацыі ”Лепшы аўтарскі твор, выраблены ў змешаных (некалькіх) тэхніках“ (г.Віцебск, 2023 г.); дыплом II ступені ў абласным свяце-конкурсе майстроў вышыўкі і карункапляцення ”Чароўная нітка – 2023“ у рамках XXXII Міжнароднага фестывалю ”Славянскі базар у Віцебску“ ў намінацыі ”Лепшая хатняя калекцыя“ (г.Віцебск, 2023 г.); дыплом за ўдзел у ХХХІ Рэспубліканскай выставе народнай творчасці ”Калядныя ўзоры“ (г.Мінск, 2023 г.); падзяка дырэктара ДУ ”Віцебскі АМЦНТ“ за зберажэнне і папулярызацыю традыцыйных рамёстваў і ўдзел у абласной выставе, прысвечанай 85-годдзю Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці ”Праз прызму часу“ (г.Віцебск, 2024 г.); дыплом за ўдзел у XV Рэспубліканскім фестывалі-кірмашу мастацкіх рамёстваў ”Вясновы букет“ (першае месца ДУК ”Лепельскі Цэнтр рамёстваў“ (г.Мінск, 2024 г.).
У 2020 годзе Размысловіч Т.Ф. атрымала статус народнага майстра Беларусі.





