1965 г.н. г.Лепель, Віцебская вобл. |
Наталля Аркадзьеўна нарадзілася 21 красавіка 1965 годаў в.Шэсцярні Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Скончыла Віцебскае ГПТВ-46 па спецыяльнасці“ткач”. У 1997 годзе пачала працу ў Лепельскім Доме рамёстваў майстрам па ткацтву і кіраўніком гуртка карункапляцення.
Наталля Аркадзьеўна валодае рознымі тэхнікамі ткацтва (2-х,4-х,8-мі нітовае,бранае, выбарнае, закладное, ажурнае, перабор, каляровая перавіць).Самастойна правяла мадэрнізацыю ткацкага станка, для таго каб зрабіць яго больш мабільным, прыстасаваным да сучасных ўмоў жыцця.Працуе з натхненнем, множыць свае поспехі і перадае сакрэты рамяства іншым. Зараз яе вучні працуюць у Доме рамёстваў, прымаюць удзел у конкурсах і атрымліваюць узнагароды. Пад яе кіраўніцтвам аднаўляюцца рэчы (па этнаграфічных узорах) для фондаў Дома рамёстваў, для музеяў, а таксама выконваюцца сацыяльна-творчыя заказы для фальклорных калектываў горада, раёна, вобласці, Рэспублікі.
Наталля Аркадзьеўна – апантаныў творчасці чалавек, сапраўдны майстар народнай творчасці, калі яе зацікавіла рамяство, яна абавязкова навучыцца таму, чаго не ведае, а з цягам часу навучыць гэтаму і іншых.
Яна валодае такімі рамёствамі як: вышыўка (крыжыкам, гладзь, каляровая перавіць, насціл, мярэжка), вязанне (кручком, спіцамі), бісерапляценне, выцінанка, ткацтва беларускіх паясоў(на бердзечку, на дошчачках, дзёрганыя на пальцах, на калодачцы, вітыя), выраб нацыянальнай лялькі. На дасягнутым Наталля Аркадзьеўна не спыняецца, яе цікавяць новыя тэхнікі народнага рамяства ў розных накірунках.
З 2007 года Наталля Аркадзьеўна працуе метадыстам-майстрам па вырабу нацыянальнай лялькі. Свой выраб яна натуральна “нараджае”. Пэўны час выношваецца ідэя вырабу, прадумваецца канструкцыя каркаса (яго яна робіць па ўласнай тэхналогіі), затым вырабляюцца дэталі адзення згодна пэўнага рэгіёна Беларусі, выраб мініяцюрнага пояса, традыцыйнай для розных рэгіёнаў вышыўкі, галаўнога ўбору, абутку. У яе калекцыі можна ўбачыць лялькі ў святочных нацыянальных строях, сувенірныя, а таксама лялькі-абярэгі.
За сваю творчую працу Наталля Аркадзьеўна ўзнагароджвалася граматамі і дыпломамі.Пастаянны ўдзельнік раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаў і святаў
У 2008 годзе Наталлі Аркадзьеўне прысуджана ганаровае званне “Жанчына года Віцебшчыны” , ў 2011 годзе– ганароваезванне “Народны майстар Беларусі”.