Глыбоцкага цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці
ДУК ”Глыбоцкая цэнтралізаваная клубная сістэма“
Тэатр фальклору ”Цярэшка“ пачаў сваю дзейнасць у 1997 годзе, а яго стваральнікам і кіраўніком больш за дваццаць гадоў з’яўлялася Наталія Уладзіміраўна Нікіфаровіч – мясцовая збіральніца і знаўца фальклору. Зараз кіруе фальклорным калектывам Дзмітрый Леанідавіч Крывёнак, акампаніятары – Юрый Аляксандравіч Стрэльчанка і Андрэй Яўгенавіч Васілёнак. У аснову стварэння творчага калектыву быў пакладзены прататып народнага тэатра Ігната Буйніцкага, заснавальніка беларускага нацыянальнага тэатра, які, дарэчы, быў таксама створаны на Глыбоччыне. Назву калектыў атрымаў дзякуючы каляднаму абраду ”Жаніцьба Цярэшкі“, які калектывам быў адноўлены першым і ўвайшоў не толькі ў рэпертуар тэатра, але і даў яму цудоўную назву. Выступленні ”Цярэшкі“ вельмі хутка сталі запатрабаванымі, а калектыў добра вядомым не толькі на Глыбоччыне, таму ўжо ў 2000 годзе тэатру фальклору было прысвоена ганаровае найменне ”народны“.
Аснову калектыву складаюць работнікі ўстаноў культуры, спецыялісты сваёй справы, якія любяць народную творчасць і ўмела адраджаюць у раёне забытыя святы, абрады, традыцыі. Рэпертуар тэатра фальклору вельмі разнастайны: абрадавыя і народныя песні, карагоды і гульні, сатыра і гумар. Значная ўвага пры падрыхтоўцы канцэртных праграм надаецца танцам, асабліва мясцовым: ”Абэрак польскі“, ”Аляксандра“, ”Каробачка“, ”Кошык“, ”Полька з пандкіндэсам“, ”Каценька“, ”Ходзяць усе дзевіцы“.
Народны тэатр фальклору ”Цярэшка“ з’яўляецца візітнай карткай раёна і вобласці, а таксама вядомы далёка за межамі рэспублікі. У свой час калектыву апладзіравалі гледачы ва Украіне і Расіі, Латвіі і Літве, Польшчы і Венгрыі. А дэбют ”Цярэшкі“ адбыўся на абласной сцэне на тэлефестывалі ”Беларусь – мая песня“, пасля якога калектыў быў запрошаны на тэлевізійную праграму ”Запрашаем на вячоркі“, дзе з лёгкай рукі вядучага тэлеперадачы, знакамітага беларускага фалькларыста Васіля Ліцвінкі пачаўся творчы ўзлёт тэатра. Ужо ў 1998 годзе ”Цярэшку“ запрасілі на ІV Міжнародны славянскі фальклорны фестываль ”Каляда“ ў г. Роўна (Украіна), дзе ўручылі падзяку выканаўчага камітэта Ровенскай мясцовай рады і асаблівы дыплом за адраджэнне зімовага абраду ”Жаніцьба Цярэшкі“. Гэты фестываль стаў для калектыву адпраўной кропкай для ўдзелу ў разнастайных святах, фестывалях, аглядах і конкурсах, падчас якіх народны тэатр фальклору меў удзячнасць гледачоў і шматлікія ўзнагароды.
У абласным фестывалі-конкурсе фальклорных калектываў, спевакоў, музыкаў і танцораў тэатр фальклору атрымаў дыплом І ступені. Лаўрэатам ІІ ступені стаў на фестывалі народнага мастацтва ”Беларусь – мая песня“ ў г.п. Шуміліна ў 2005 годзе. Таксама калектыў быў лаўрэатам абласнога свята ”Іграй, гармонік“, якое праходзіла ў аграгарадку Гомель Полацкага раёна. Гран-пры тэатр фальклору атрымаў у 2009 годзе падчас абласнога агляду-конкурсу танца, прысвечанага 90-годдзю Заслужанага дзеяча культуры Беларусі І.А.Серыкава ў намінацыі ”Фальклорны танец“. Лаўрэат І ступені абласнога свята-конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая вясельніца – 2017“ і ў тым жа годзе – лаўрэат ІІІ ступені абласнога агляду-конкурсу фальклорных калектываў.
Народны тэатр фальклору ”Цярэшка“ – пастаянны ўдзельнік абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі ”Дажынкі“, а таксама прымаў удзел у Рэспубліканскім свяце працаўнікоў вёскі ”Дажынкі“ ў г. Полацк (2002 г.), г.Пружаны Брэсцкай вобласці (2003 г.); ўдзельнік урачыстай цырымоніі ”Чалавек года Віцебшчыны“, Рэспубліканскага свята ”Дзень беларускага пісьменства“.
З вялікім гонарам калектыў удзельнічаў у канцэрце творчых калектываў Віцебскай вобласці, прысвечаным 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які праходзіў у Палацы Рэспублікі; стаў лаўрэатам Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва ”Берагіня“ у п. Акцябрскі Гомельскай вобласці (2012 г.); пераможцам тэлевізійнага творчага праекта ”Зорны шлях“ (2013 г.). На ІV Рэспубліканскім фестывалі народнага танца ”Беларуская полька“ ў горадзе Чачэрску Гомельскай вобласці калектыў быў удастоены дыплома ”За папулярызацыю народнай песні і танца“. У 2018 годзе калектыў прымаў удзел у выставе-кірмашы рамёстваў ”Горад майстроў“ у рамках V Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі (г.Магілёў).
Шмат разоў калектыў быў удзельнікам міжнародных святаў і фестываляў, якія праходзілі на нашай беларускай зямлі: кінафестываль хрысціянскіх фільмаў ”Магніфікат“; фестываль народнай творчасці ”Вянок сяброўства“ ў г.Бабруйск. ”Цярэшка“ – пастаянны ўдзельнік турніра нацыянальных побытавых танцаў, які праходзіць у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“, дзе танцоры калектыву неаднаразова станавіліся прызёрамі. Менавіта ”цярэшкаўцы“ сустракаюць замежных гасцей падчас фэсту дударскіх рэгіёнаў ”Дударскі рэй“ і Міжнароднага свята ”Вішнёвы фестываль“, запрашаючы ўсіх на этна-вечарыну на Цэнтральную плошчу Глыбокага.
Народны тэатр фальклору ”Цярэшка“ з’яўляецца жаданым госцем на сцэнічных пляцоўках блізкага і далёкага замежжа. Калектыў – лаўрэат Міжнароднага фестывалю народнага мастацтва ў г.Прэйлі (Латвія), удзельнік Міжнароднага фестывалю ”Вянок Латгаліі“, удзельнік дзён славянскай культуры ў г.Даўгаўпілс, Міжнароднага свята народных музыкаў і кірмашу рамёстваў у г.Віляны, Міжнароднага фальклорнага арт-фестывалю ”Даўгава – 2016“, дня беларускай нацыянальнасці ў г.Краслава (Латвія); лаўрэат Міжнароднага фестывалю фальклорнага танца ў г.Мёзокёвешд (Венгрыя); прадстаўляў культуру свайго рэгіёна ў творчай камандзіроўцы ў г.Ступка (Польшча). Тэатр фальклору прымаў удзел у мерапрыемствах, прысвечаных адкрыццю экспазіцыі ў мемарыяльным музеі М.Мусаргскага на яго радзіме ў г.Кунья, і ва ўсерасійскай Масленіцы ў г.Пскоў (Расія). Падчас выступленняў за мяжой калектыў прадстаўляў Рэспубліку Беларусь, а ”цярэшкаўцы“ з адкрытай душой дзяліліся народнымі традыцыямі, дарылі свой артыстычны талент гаспадарам і гасцям святочных мерапрыемстваў. Глыбоцкія песні, танцы, цікавыя старадаўнія абрады заўсёды знаходзілі годнае месца ў канцэртных праграмах.
Сёння тэатр мае спрыяльныя ўмовы для свайго творчага жыцця, духоўнасць калектыву яскрава праяўляецца ў беражлівых адносінах да мастацкай спадчыны сваёй Бацькаўшчыны. А за сваю безупынную творчую працу калектыў мае шмат узнагарод: дыпломаў, падзяк, сертыфікатаў. Нікіфаровіч Наталія Уладзіміраўна, як кіраўнік тэатра, у 2003 годзе была адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за дасягенні у галіне культуры і мастацтва; па выніках працы за 2017 год рашэннем Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта калектыў народнага тэатра фальклору ”Цярэшка“ занесены на Дошку гонару Глыбоцкага раёна; калектыў увайшоў у дзесятку лепшых творчых калектываў вобласці на ўрачыстасці, прысвечанай 80-годдзю ДУ ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“.
Тэатр фальклору знаходзіцца ў няспынным пошуку новых форм творчага ўвасаблення, шырока выкарыстоўвае музычны, песенны, танцавальны і жартоўны фальклор свайго рэгіёну, нязменна прытрымліваецца народных традыцый. Кожнае сваё выступленне народны тэатр фальклору ”Цярэшка“ імкнецца зрабіць яскравым відовішчам, у якім арыгінальна спалучаюцца сапраўдныя народныя танцы і інструментальная музыка, песні і гумар, якія заўсёды зразумелы гледачам, якой бы нацыянальнасці яны ні былі.