НАРОДНЫ ГУРТ АЎТЭНТЫЧНАЙ ПЕСНІ

Андронаўскага сельскага клуба
ДУК “Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна“

[ngg src=»galleries» ids=»55″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]

Гурт аўтэнтычнай песні быў створаны ў 1986 годзе загадчыцай Андронаўскай сельскай бібліятэкі Нінай Фёдараўнай Буйла, якая да апошняга часу з’яўлялася кіраўніком гэтага аднаго з найстарэйшых калектываў мастацкай творчасці ў Пастаўскім раёне. Ніна Фёдараўна Буйла, валодаючы яркім народным голасам, здолела пераняць традыцыйныя спевы наваколля вёскі Андроны вусным шляхам, засвоіла мясцовую аўтэнтычную манеру выканання. Кіраўнік адказна ставілася да зберажэння багатай песеннай спадчыны рэгіёна, імкнулася захаваць фальклорныя набыткі ў першапачатковым выглядзе. У чэрвені 2007 года за высокае выканальніцкае майстэрства, развіццё нацыянальных культурных традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць рашэннем калегii Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь гурту аўтэнтычнай песні Андронаўскага клуба-бібліятэкі было прысвоена найменне ”народны аматарскi калектыў“.
Калектыў налiчвае 15 удзельнiкаў: 7 людзей старэйшага ўзросту – пенсiянеры і 8 удзельнiц, якія працуюць у сельскай гаспадарцы і сістэмах адукацыі і культуры. Гэта носьбіты і аматары народнай песні, якія разам спяваюць, праводзяць свой вольны час, адзначаюць падзеі асабістага жыцця. Большасць жанчын родам з вёсак Андроны і Рабекі, якія знаходзяцца побач, таму рэпертуар гурта складаецца з аўтэнтычных спеваў гэтай мясцовасці. Старэйшыя ўдзельніцы – сапраўдныя знаўцы мясцовых звычаяў, абрадаў, размоўнага і гульнёвага фальклору. Зладжана, у яркай аўтэнтычнай манеры гучаць у выкананні народнага гурта абрадавыя песні каляндарнага цыкла і сямейна-абрадавыя. З задавальненнем выконваюцца пазаабрадавыя – лірычныя, жартоўныя песні, у якіх так шчыра выказваюцца самыя розныя пачуцці – ад няўтрыманай весялосці да глыбокай журбы.
Калектыў – пастаянны ўдзельнік масавых мерапрыемстваў Андронаўскага сельскага клуба, святаў навакольных вёсак. Ён з’яўляецца ініцыятарам наладжвання для гледачоў вёскі Андроны і наваколля народных святаў Каляды, Масленіца, Вялікдзень, Сёмуха, Купалле, ”Пакроўскіх вячорак“. Шчыра і велічна праводзяцца ўдзельніцамі гурта абрады Зажынак і Дажынак па народных традыцыях з віншаваннем працаўнікоў сяла на палявых станах. Спявачкі імкнуцца перадаваць свае веды і любоў да народнай спеўнай спадчыны падрастаючаму пакаленню: выступаюць на семінарах, дзіцячых мерапрыемствах. З мэтай пераймання і засваення песеннага фальклору ў групу прыйшлі маладзейшыя ўдзельніцы.
Андронаўскі гурт аўтэнтычнай песні неаднаразова запрашаўся на раённыя сцэнічныя пляцоўкі, прымаў удзел у абласных святах. Песні Пастаўшчыны ў выкананні андронаўскіх жанчын былі запісаны на Беларускім радыё, а ”Андронаўскія вячоркі“ паказваліся на абласным тэлебачанні. На абласных аглядах традыцыйнага мастацтва Віцебшчыны гурт высока адзначаўся спецыялістамі і атрымліваў узнагароды.
Андронаўскі калектыў часта наведваюць навукоўцы. Ён быў удзельнікам абласных фальклорных аглядаў, выступаў ў Браславе, Міёрах, Шаркаўшчыне. Спявачак часта запрашаюць на ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу, вясковыя вяселлі, хрэсьбіны. Шмат песень у рэпертуар калектыву прынеслі Лукер’я Міленцьеўна Шурпік, якая навучылася ім ад сваёй маці, а таксама цудоўная салістка – Валянціна Вацлаваўна Скабейка са сваёй жніўнай песняй ”Рада-рада наша перапёлка“, якую спявалі на полі, калі зажыналі апошні сноп.
Актыўныя ўдзельніцы калектыву – Антаніна Дзмітрыеўна Кундра, Аляксандра Серафімаўна Маслоўская, Лідзія Віктараўна Счасная, Ганна Вікенцьеўна Бароўка, якія не забываюць сваю Бацькаўшчыну, свае карані, дапамагаюць захоўваць і развіваць народныя традыцыі.
Калектыў – удзельнік раённых аглядаў аматарскай творчасці і святаў Масленіца, Купалле, традыцыйных восеньскіх і вясновых кірмашоў.
Аўдыёзапісы андронаўскіх песень захоўваюцца ў фальклорным архіве Цэнтра культуры і народнай творчасці. Звесткі аб гэтым аўтэнтычным песенным гурце ўнесены ў гісторыка-дакументальную хроніку ”Памяць. Пастаўскі раён“. Абрадавыя песнi калектыву запiсаны на аўдыёдыск. Навукоўцы і студэнты, якія займаюцца вывучэннем народнай спадчыны, – частыя госці ў Андронах.
Амаль усе мерапрыемствы гэтага клубнага фарміравання афармляюцца выставамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўдзельніц. Гэта дываны, вышываныя абрусы, ручнікі, падушачкі, кошычкі, вышыванкі і інш.
Значнай падзеяй апошніх год у творчым жыцці песеннага калектыву стаў яго ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе на лепшую работу па фальклорным накірунку сярод сельскіх устаноў культуры. Андронаўцы прадставілі на суд журы і гледачоў самыя адметныя мясцовыя песні і былі адзначаны спецыяльным дыпломам ”За актыўную папулярызацыю фальклорных набыткаў Пастаўшчыны“ (2017 г.). Таксама ў 2017 г. андронаўскі гурт прыняў удзел у абласным свяце-конкурсе вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая Вясельніца-2017“ у г. п. Ушачы, дзе таксама быў адзначаны дыпломам. Для тэатралізаванай рэканструкцыі традыцыйнай для Пастаўшчыны перадвясельнай дзеі ”Дзявоцкі вечар“ былі выкарыстаны не толькі знаёмыя ўдзельніцам даўнейшыя песні, але і знойдзены таксама забытыя рэдкія ўзоры песеннай народнай спадчыны гэтай мясцовасці. На абласным свяце-конкурсе вясельных абрадаў ”Вялікая Вясельніца-2019“, якое адбылося ў Расонах, калектыў уразіў журы і слухачоў яркай аўтэнтычнай манерай выканання і быў узнагароджаны дыпломам “За зберажэнне аўтэнтычнай рэгіянальнай песеннай культуры” ў намінацыі ”Вясельныя спевы Віцебшчыны“. У 2018 г. андронаўскія жанчыны годна прадэманстравалі народнае спеўнае мастацтва на абласным аглядзе народных калектываў ”Званне пацвярджаю“, а салістка В.В.Скабейка была запрошана з песнямі восеньскага цыкла на здымкі тэлепраграмы ”Наперад у мінулае!“ тэлеканала ”Беларусь 3“.
Гурт аўтэнтычнай песні Андронаўскага сельскага клуба паспяхова папулярызуе народнае мастацтва Пастаўшчыны, навучае аўтэнтычнай манеры песеннага выканальніцтва маладзейшых аматараў народнай песні, выступае з канцэртамі. Вядзецца летапіс калектыву, папаўняецца альбом відэа-фота- і друкаванымі матэрыяламі. Аформлен стэнд з фотаздымкамі аб удзеле народнага аўтэнтычнага гурта ў розных культурна-масавых мерапрыемствах.
”Наша песня патрэбна людзям“, – гэтыя словы гучаць як дэвіз андронаўскіх спявачак. Не памрэ народная песня, бо ёсць гарачыя аматары і прыхільнікі яе, будуць і прадаўжальнікі.

https://e-officials.shop/meticore/