НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ КЛУБ ”КРУГАВЕРЦЬ“

ДУК ”Лепельскі раённы Дом культуры“

Народны фальклорны гурт “Кругаверць” свой творчы шлях распачаў у  1990 годзе як клуб з 4 жанчын. З цягам часу да яго далучыліся людзі рознага ўзросту, якія цікавяцца традыцыйнай народнай культурай. Ступень валодання мясцовай традыцыяй аказалася настолькі яскравай, што калектыў быў запрошаны ў Маскву для ўдзелу ў фальклорна-этнаграфічным канцэрце, што адбыўся ў Саюзе кампазітараў СССР.
У поўнай меры раскрыла творчыя магчымасці ўдзельнікаў вядомы беларускі музыкавед З.Я.Мажэйка. Па яе ініцыятыве калектыў запрасілі для ўдзелу ў здымках навукова-папулярных фільмаў: “Галасы вякоў”, “Прынясі, Божа, хмару”, “Крывыя вечары”. Песні гурта гучалі на радыё і абласным тэлебачанні. У 1994 годзе гурт быў ўдзельнікам І міжнароднага фестывалю на Беларусі, які праходзіў у горадзе Пінску.
У 1996 годзе калектыву было прысвоена ганаровае найменне “народны”.
З 2007 года кіраўніком калектыву з’яўляецца Святлана Анатольеўна Карабань.

Спачатку гурт толькі спяваў, а потым шукалі носьбітаў мясцовых традыцый і пераймалі ад іх спевы, вусна-паэтычны, абрадавы фальклор. Галоўная мэта дзейнасці гурта – ахова і зберажэнне аўтэнтычных форм  фальклорнай традыцыі, якая з’яўляецца паказчыкам  нацыянальнай культурнай самабытнасці беларусаў. Кожны з удзельнікаў гурта шануе сваю гісторыю і светла верыць у тое, што кожны з нас можа дакрануцца да свайго мінулага праз творчасць калектыва. Праца гурта накіравана на вылучэнне, захаванне і папулярызацыю спеўнай, народна-абрадавай, танцавальнай і тэатральнай дзейнасці.

На сённяшні дзень калектыў налічвае 15 удзельнікаў. Узроставы склад разнастайны, але ўсе ўдзельнікі клуба маюць добрыя зносіны паміж сабою, з вялікай любоўю і цікавасцю адносяцца да народнай спадчыны.

З кожным годам усё большую папулярнасць набывае традыцыйная калядная гульня “Жаніцьба Цярэшкі”, якая атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Удзельнікамі гурта “Кругаверць“ бесперапынна вядзецца работа па прапагандзе гульні праз усе сродкі масавай інфармацыі. Дзякуючы вопыту гурта, яе змаглі аднавіць у многіх вёсках Лепельскага раёна. Так, на гульні ў в.Велеўшчына была зарэгістравана рэкордная колькасць прысутных удзельнікаў больш за семдзясят чалавек, у тым ліку, госці з Мінска і Полацка. ”Жаніцьбу Цярэшкі” калектыў прадстаўляў  на свяце ”Саламяны цуд“ у рамках сумеснага праекта Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур і Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Калектыў атрымаў паддзяку за захаванне традыцый і актыўны ўдзел у свяце.

З мэтай паглыблення ведаў удзельнікаў гурта, жыхароў горада Лепеля і Лепельскага раёна аб народных традыцыях, далучэння дзяцей і моладзі да духоўных скарбаў нашага народа, папулярызацыі традыцыйнай культуры  праводзяцца пазнаваўча-асветніцкія мерапрыемствы, на якіх гледачы і ўдзельнікі маюць магчымасць атрымаць шмат цікавай інфармацыі па гісторыі і этнаграфіі свайго народа, паслухаць народныя песні, пагуляць у гульні і іншае.

Традыцыйна танцавальныя пары гурта з’яўляюцца ўдзельнікамі  адкрытага турніра нацыянальных танцаў у межах  Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Усё большай папулярнасцю ў жыхароў горада карыстаюцца навіны на інтэрнэт прасторах аб дзейнасці клуба. На сайце горада Лепеля (lepel.by)  размешчаны артыкулы, якія раскрываюць дзейнасць клуба, дзе ў поўным аб’ёме  прадстаўлена інфармацыя і фотарэпартажы  пра традыцыйную калядную гульню “Жаніцьба Цярэшкі” і народныя святы. Гэта спрыяе папулярызацыі традыцыйнай народнай культуры і развіццю агратурызму ў Лепельскім раёне.