НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ КАЛЕКТЫЎ ”СУСЕДЗІ“

філіяла ”Аболецкі сельскі Дом фальклору“
ДУК ”Талачынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці“

[ngg src=»galleries» ids=»62″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]

Фальклорны калектыў ”Суседзі“ створаны ў 1983 годзе ў Крыўлянскім сельскім клубе Аболецкага сельскага Савета Талачынскага раёна. Удзельнікі, ўсе яны сваякі і суседзі, жывуць побач, таму калектыў носіць такую назву. Зараз калектыў працуе на базе Аболецкага сельскага Дома фальклору. За адраджэнне і прапаганду мясцовай традыцыйнай культуры ў 1995 годзе калектыву было прысвоена ганаровае найменне ”народны“. Першым кіраўніком калектыву была вялікая знаўца і прапагандыст традыцыйнай культуры Ганна Маркаўна Конюшка (15.08.1923 г.н.), з 2012 года кіруе Ганна Іванаўна Падбельская. У складзе калектыву 15 чалавек. Творчая дзейнасць скіравана на забеспячэнне актыўнага ўдзелу грамадзян у зберажэнні, захаванні і развіцці нацыянальнай культурна-гістарычнай спадчыны, звычаяў і абрадаў.
З улікам мясцовых традыцый было падрыхтавана і праведзена шмат святаў і абрадаў: ”Ехала каляда ў чырвоным вазочку“, ”Гаспадарок, не скупіся, за калодку адкупіся“ (цяганне калодак), Хрэсьбіны, Зажынкі, Дажынкі, Запоіны; святы: ”Наша Масленка“, ”Юр’еўскія гульні“, ”Траецкія гульні“, ”Ой, рана на Івана“ і інш.
Удзельнікі калектыву вялікую ўвагу надаюць збору і зберажэнню ўзораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Кіраўнік сама добра вышывае, вяжа і шые. Значнае месца ў творчай дзейнасці займаюць народныя побытавыя танцы, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай вечарын і святаў. У харэаграфічным куфары калектыву больш 15 побытавых танцаў. Удзельнікі дзіцячага харэаграфічнага калектыву пераймаюць манеру, рухі, характар і з ахвотаю выконваюць іх.
Калектыў – прыхільнік праводзіць мерапрыемствы на беларускай мове, у якой выразна адчуваюцца сакавітасць і мілагучнасць роднага слова.
Народны фальклорны калектыў ”Суседзі“ – актыўны ўдзельнік раённых і абласных мерапрыемстваў. Разам з аматарскімі фарміраваннямі Аболецкага Дома фальклору надае асаблівую ўвагу галіне сельскагаспадарчай вытворчасці. У асенне-зімовы перыяд жывёлагадоўчыя фермы і жніўныя палі ператвараюцца ў своеасаблівыя канцэртныя пляцоўкі, на якіх праходзяць канцэрты-віншаванні, абрады ”Зажынкі“, ”Засеўкі“, свята ”Звініць сенакос“, сустрэчы з перадавікамі-камбайнёрамі падчас уборкі ўраджаю.
Народны фальклорны калектыў ”Суседзі“ прымаў удзел у праграмах Беларускага тэлебачання ”Запрашаем на вячоркі“ з абрадамі і танцамі (1991 – 1994 гг.) і ”Наперад у мінулае“ (тэлеканал ”Беларусь 3“); у тэлевізійным праекце ”Зорны шлях“ (г.Віцебск, 2013 г.).
За перыяд дзейнасці калектыву створаны этна-фальклорны куток ”Мой родны кут…“ з прадметамі хатняга ўжытку, адзення, прылад працы, мэблі, сурвэтак і г.д. Этнаграфічны куток выклікае вялікую цікавасць у дзяцей. Штогод куток папаўняюць цікавыя рэчы.
Калектывам добра наладжана работа з адзінокімі і састарэлымі людзьмі, і сярод іх папулярны клубныя вячоркі – ”Аболецкія перазвоны“, ”Скокі ў бокі“, ”Доўга жыці – вясёлымі быці“.
На базе ДУК ”Талачынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці“ ў ”Школе традыцыйнай культуры“ праводзяцца заняткі з удзелам народнага фальклорнага калектыву ”Суседзі“ Аболецкага ДФ.
Таксама ўдзельнікі фольклорнага калектыву актыўна займаюцца даследчай дзейнасцю. Самай плённай і дзейснай формай такіх даследванняў з’яўляюцца фальклорныя вандроўкі-экспедыцыі. Падчас фальклорных экспедыцый і творчых сустрэч з носьбітамі яны імкнуцца як мага паўней зафіксаваць усё пачутае і ўбачанае ў журналы запісу элементаў і праяў нематэрыяльна-культурнай спадчыны.