НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ КАЛЕКТЫЎ ”ПРАСНІЦА“

Іванскага Дома фальклору ДУ ”Чашніцкі РЦКіНТ“

[ngg src=»galleries» ids=»66″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]

Фальклорны калектыў ”Прасніца“ быў створаны ў 1990 годзе на базе Сялецкага сельскага клуба. Менавіта тады па ініцыятыве мясцовых культработнікаў сабраліся аматары спеваў з навакольных вёсак і паставілі перад сабой мэту: адрадзіць беларускія каляндарныя святы, захаваць старадаўнія беларускія песні і танцы. Арганізатарам і кіраўніком калектыву з дня заснавання была Валянціна Дзмітрыеўна Гацура, а ў 1997 годзе перадала свой калектыў у надзейныя рукі Маі Васільеўны Скакун, дырэктара Іванскага сельскага Дома культуры. З 2011 года калектыў узначаліла Скабіцкая Дзіана Вікенцьеўна. З 2014 года і па сённяшні дзень калектывам кіруе Мінчукоў Александар Уладзіміравіч. У снежні 1998 года фальклорнаму калектыву ”Прасніца“ прысвоена найменне ”народны“. У склад калектыву ўваходзіць 15 жанчын, кожную з якіх можна назваць носьбітам мясцовага фальклору і народных традыцый.
Аснаўнымі напрамкамі калектыву з’яўляюцца: экспедыцыйна-даследчая дзейнасць; адрадженне і зберажэнне рэгіянальных святаў і абрадаў; павышэнне выканаўчага мастэрства праз канцэртную дзейнасць; далучэнне дзяцей і падлеткаў да рэгіянальнага фальклору, да народных традыцый Беларусі.
Гэты калектыў – жаданы госць не толькі на мерапрыемствах у Іванскім Доме фальклору, у раёне, але і за яго межамі.
Усе выступленні калектыву складаюцца з беларускіх народных песень і побытавых танцаў мясцовага паходжання. Рэпертуар калектыву вельмі рознабаковы – тут і сямейна-абрадавыя, каляндарна-земляробчыя, пазаабрадавыя песні. Песенны рэпертуар ”Прасніцы“ уключае 98 абрадавых песень, 83 беларускія народныя песні, а таксама шэраг твораў беларускіх і рускіх аўтараў.
З вялікім задавальненнем самадзейныя артысты выконваюць і гумарыстычныя народныя песні і прыпеўкі, танчаць забытыя танцы сваіх продкаў: ”Сорыца“, ”Кадрыль“, ”Полька сялецкая“ і інш., песні: ”Не кур, не вей, мяцеліца“, ”Ой, гулі, ды пагулі“ і інш, былі ўзноўлены святы: Троіца, Грамніцы, Саракі, Зажынкі, гульня ”Жаніцьба Цярэшкі“.
Удзельнікі актыўна займаюцца зборам аўтэнтычных твораў Чашніцкага рэгіёна.
Удзельнікі народнага фальклорнага калектыву прымалі ўдзел у здымках праграмы беларускага тэлебачання ”Подых Чашніцкай зямлі“ (2010 г.), у творчым тэлевізійным праекце ”Зорны шлях“ (2012 г.), у тэлеперадачы ”Беларусь спявае“ на тэлеканале ”Беларусь 3“ (2018 г.).
За актыўную прапаганду народнай творчасці калектыў неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і дыпломамі абласнога і раённага ўзроўню. Калектыў мае больш за 30 узнагарод сярод якіх: дыплом за высокія творчыя дасягненні, папулярызацыю беларускай народнай культуры і актыўны удзел у свяце традыцыйнай народнай культуры ”Славянскія падворкі“ ў межах ХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ (2004 г.); лаўрэат заключнага абласнога конкурсу-агляду фальклорнага мастацтва Віцебшчыны ”Ад прашчураў да зор“ (2005 г.); лаўрэат І ступені ў абласным аглядзе-конкурсе фальклорных калектываў (2017 г.), дыпламант у турніры народных танцаў у межах ХХVІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ (2018 г.) і інш.