НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ КАЛЕКТЫЎ ”МЕДУНІЦА“

філіяла ”Дом культуры аграгарадка Адаменкі“ ДУК ”Лёзненская ЦКС“

[ngg src=»galleries» ids=»46″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]

Любоў да народнай песні, танца, гармоніка – жыццёвае крэда творчай дзейнасці фальклорнага калектыву ”Медуніца“ з Лёзненскага раёна, які быў заснаваны ў 1988 годзе Раісай Сяргееўнай Агеевай у Адаменскім сельскім доме культуры. З 1992 года нязменным кіраўніком калектыву з’яўляецца Ганна Фёдараўна Макравусава – аматар і збіральнік мясцовага фальклору. У 1993 годзе ”Медуніца“ атрымала ганаровае найменне ”народны аматарскі калектыў“ . Каларытны і рознабаковы рэпертуар калектыву – вынік вялікай экспедыцыйнай работы па Лёзненскаму раёну, аснову яго складаюць рэгіянальныя і мясцовыя творы, зафіксаваныя ад жывых носьбітаў традыцыйнай культуры Лёзненшчыны: танцы ”Подчардыш“, ”Кадрыля“, ”Матлёт“, ”Нарэчанька“, ”Лысы“; абрады ”Адаменскае вяселле“, ”Стрэчанне“, ”Масленіца“, ”Юр’е“, свята ”Купалле“, пазаабрадавыя і сямейна-бытавыя песні. Пачэснае месца ў творчай дзейнасці калектыву надаецца мясцовым адметным кадрылям: ”Адаменскай“, ”Кавалёўскай“ і ”Перамонтаўскай“, якія былі прадстаўлены падчас правядзення турніру народных танцаў у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“, дзе “Медуніца” атрымала дыплом Гран-пры за прапаганду танцавальнага руху і гісторыка-побытавых танцаў, стала лаўрэатам ІІ ступені ў намінацыі ”Адметны танец“.
Пры калектыве існуе дзіцячы гурт-спадарожнік ”Вераценца“. Кіраўнік калектыву Ганна Фёдараўна Макравусава актыўна займаецца пытаннямі пераемнасці традыцыйнай культуры, вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак мясцовым танцам і ігры на драўляных лыжках. Рэпертуар ”Вераценца“ – фальклорныя і народныя песні, а таксама мясцовая ”Адаменская кадрыля“.
Даўно супрацоўнічае ”Медуніца“ з суседнімі раёнамі Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Так, калектыў быў жаданым госцем на юбілейным свяце да дня нараджэння М. Глінкі ў былым памесці кампазітара ў Ельнінскім раёне. На святкаванні Дня вызвалення рэгіянальныя песні, танцы калектыву ”Медуніца“ бачылі жыхары г. Рудня Смаленскай вобласці. Кожны год калектыў запрашаецца на абласны фестываль народнай песні і праваслаўных, духоўных спеваў у горад Дзямідаў ”Святая Русь. Связующие нити“.
Калектыў – актыўны ўдзельнік і лаўрэат абласных фестываляў, аглядаў, конкурсаў: абласнога агляду-конкурсу ”Масленічны разгуляй“, дзе салістка калектыву Валянціна Замастоцкая атрымала Гран-пры ў конкурсе прыпевак ”Цешчыны вячоркі“ (2015 г.), а ў 2019 годзе – абласнога конкурсу народнай музыкі і прыпеўкі ”А музыкі граюць, граюць“; лаўрэат І ступені абласнога конкурсу ”Ручнік як лёс“ (2015 г.), лаўрэат І ступені абласнога агляду-конкурсу ”Вялікая вясельніца“ (г. Дуброўна, 2015 г., г.п. Расоны, 2019 г.) і інш. ”Медуніца“ з’яўляецца лаўрэатам Міжнароднага фестывалю масак у г. Даўгаўпілс (Латвія). Неаднаразова была ўдзельнікам рэспубліканскага і абласнога свята працаўнікоў вёскі ”Дажынкі“, рэспубліканскага свята Купалля ”Александрыя збірае сяброў“. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам Рэспубліканскага фестывалю ”Беларусь – мая песня!“. Неаднаразова на старонках раённай, абласной і рэспубліканскіх выданняў размяшчалася інфармацыя аб творчай дзейнасці ”Медуніцы“. Цэлы цыкл абрадавых дзей быў запісаны абласным тэлебачаннем ”Наша ТВ“: ”Стрэчанне – грамніцы“, ”Гуканне вясны“, ”Юр’е“. Вельмі ганаровымі для калектыву былі выступленні на Рэспубліканскім тэлебачанні ў рамках праекта ”Песні маёй краіны“ і тэлепраграме ”Эстрадный коктейль“. Зараз калектыў актыўна папулярызуе мясцовыя адметныя танцы Лёзненшчыны, рыхтуе матэрыялы для надання ім статусу нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.