НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ КАЛЕКТЫЎ ”МАТЫРЫНСКАЯ СПАДЧЫНА“

Матырынскага сельскага клуба ДУК ”Ушацкі РЦКіНТ“

[ngg src=»galleries» ids=»63″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]

Аўтэнтычны фальклорны калектыў ”Матырынская спадчына“ створаны ў сакавіку 1987 года ў вёсцы Матырына пры Матырынскім СДК Ушацкага раёна. Заснавальнікам і кіраўніком калектыву з’яўлялася Галіна Сяргееўна Рудзёнак – мясцовая збіральніца фальклору, чалавек творчы, натхнены. З дапамогай сваёй бабулі Рудзёнак Арыны Дзмітрыеўны і свякрові Рудзёнак Аляксандры Іванаўны, сабрала вялікі мясцовы фальклорны матэрыял, які сёння выкарыстоўваюць ў сваёй працы фальклорныя калектывы Ушацкага раёна.
У снежні 2004 года калектыву прысвоена ганаровае найменне ”народны“. Кіраўніком калектыву з 2004 года працавала Аляксандра Іванаўна Рудзёнак, з 2016 – Галіна Сяргееўна Рудзёнак.
Аўтэнтычная захаванасць спеўнай і танцавальнай традыцыі свайго рэгіёна вызначае творчую самабытнасць калектыву. ”Матырынская спадчына“ вядзе вялікую работу па збору, зберажэнню, захаванню традыцыйных святаў і абрадаў, існуючых на тэрыторыі Ушацкага раёна.
Аснову рэпертуару калектыву складаюць каляндарна-земляробчыя, сямейна-абрадавыя, пазаабрадавыя песні, побатавыя танцы, прыказкі, прыпеўкі, беларускія абрады.
Работа народнага фальклорнага калектыву шырока папулярызуецца ў сродках масавай інфармацыі. Калектыў з’яўляўся ўдзельнікам тэлевізійнай праграммы ”Запрашаем на вячоркі“ (1987 г.), тэлеперадач ”Крок“ (1993 г.), ”Палустанак“ (2009 г.), тэлевізійных праектаў ”Зорны шлях“ (2013 г.), ”Наперад у мінулае“ (2015 г.).
Фальклорны калектыў ”Матырынская спадчына“ – лаўрэат І Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва ”Беларусь – мая песня“ (1997 – 1998 гг.), дыпламант заключнага абласнога агляду-конкурсу фальклорнага мастацтва Віцебшчыны ў рамках ІІ Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва ”Беларусь –мая песня“ (2005 г.), дыпламант абласных фестываляў фальклорных калектываў (2000 г.), народнай харэаграфіі ”Беларуская полька“ (2000 г.), удзельнік II Рэспубліканскага свята працаўнікоў вёскі ”Дажынкі – 2002“ у горадзе Полацк. Лаўрэат абласнога свята абрадавага фальклору ”Купалле Паазер’я“ (2006, 2009, 2011, 2012 гг.), лаўрэат абласнога свята-конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая вясельніца“ (2009, 2012, 2015, 2017, 2019). Удзельнік Х і XIII Міжнародных навуковых канферэнцый па фальклору ”Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання“ (г. Мінск, 2014, 2016 гг.).
У 2017 годзе з вялікім гонарам і багатай, яскравай творчай біяграфіяй народны фальклорны калектыў ”Матырынская спадчына“ сустрэў 30-гадовы юбілей вялікім справаздачным канцэртам, падчас якога быў узнагароджаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў ”За шматгадовую працу па адраджэнню, захаванню і папулярызацыі рэгіянальнай традыцыйнай культуры, актыўны ўдзел у рэспубліканскіх, абласных і раённых мерапрыемствах і ў сувязі з 30-годдзем з дня стварэння калектыву“, а таксама дыпломам Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці ”За адраджэнне, захаванне і папуляразацыю народных традыцый і ў сувязі з 30-годдзем творчай дзейнасці калектыву“.
У 2019 годзе народны фальклорны калектыў удзельнічаў у здымках тэлеперадачы ”Вячэрні Віцебск“ абласной тэлерадыёкампаніі “Віцебск“. У складзе творчага калектыву Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці”Матырынская спадчына“ прыняла ўдзел у конкурсным праекце ”Беларуская гасціннасць“ у рамках XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“, па выніках якога атрымала дыплом лаўрэата III cтупені.
Калектыў ”Матырынская спадчына“ вядзе мэтанакіраваную работу па перадачы традыцыйнай культуры падрастаючаму пакаленню. Разам з дарослым фальклорным калектывам плённа працуе і дзіцячы калектыў-спадарожнік ”Спадчына“, які ў 2018 годзе атрымаў ганаровае найменне ”ўзорны“.