Каўшэлеўскага Дома фальклору філіяла ДУК “”Шаркаўшчынскі РЦК“
Цікавасць да народных традыцый і культурных каштоўнасцей мінулага, фарміраванне светапогляду маладога пакалення прывівае народны фальклорны гурт ”Купалінка“ Каўшэлеўскага Дома фальклору філіяла ДУК ”Шаркаўшчынскі раённы Цэнтр культуры“. Створаны ў ліпені 1989 года, ганаровае найменне ”народны“ было нададзена ў верасні 1999 года.
Асноўнай мэтай гэтага калектыву з’яўляецца вывучэнне мясцовага песеннага, гульнёвага і танцавальнага фальклору, звычаяў і абрадаў, якія існавалі ў дадзеным рэгіёне, элементаў вуснай народнай творчасці (мясцовых легендаў, казак, загадак, прыказак, прымавак і г.д.), а таксама рэгіянізмаў (мясцовых слоў і выразаў, якія выкарыстоўваліся або выкарыстоўваюцца толькі ў нашай мясцовасці).
У склад народнага фальклорнага калектыву ”Купалінка“ ўваходзіць 15 чалавек. У асноўным гэта пажылыя жанчыны, якія валодаюць майстэрствам аўтэнтычных спеваў. У калектыве – два баяністы, некалькі чалавек маюць добрыя здольнасці ігры на шумавых інструментах. Творчая моладзь калектыву складае харэаграфічную групу, якая займаецца вывучэннем і пастаноўкай побытавых танцаў і карагодаў.
Фальклорны гурт вядзе экспедыцыйную работу. Збіраецца матэрыял па народнаму святу ”Стрэчанне“ (магічныя дзеянні, прыказкі і прымаўкі). На аснове сабранага матэрыялу народны фальклорны гурт ”Купалінка“ практыкуе сумесна з дзіцячым фальклорным гуртком ”Шчадроўкі“, які таксама працуе пры Каўшэлеўскім Доме фальклору, пастаноўку цікавага абраду, характэрнага для Шаркаўшчынскага рэгіёна – каляднай гульні ”Жаніцьба Цярэшкі“.
Вядзецца работа па вывучэнні мясцовага вясельнага абраду. Запісаны абрады ”Ламанне лавы“, ”Кубельнікі“. Мясцовы вясельны абрад цікавы сваімі абрадавымі дзеяннямі, такімі як ”таптаць памяло“ (г.зн. спяваць вясельныя песні ў парозе хаты, дзе праходзіць вяселле), ”хадзіць у латоны“ (назіраць за вяселлем пад вокнамі), абрадавае дзеянне ”пакрыванне ручніком абраза ў хаце свякроўкі“ і ”пакрыванне настольнікам нявесткі вясельнага стала ў доме свякроўкі“. Са слоў носьбітаў тагачаснай культуры распрацаваны сцэнарый ”Шаркаўшчынскай вясельнай брамы“, які будаваўся на аснове мясцовых павер’яў і легендаў. Вясельны абрад ”Сватанне нявесты“ пабудаваны на мясцовых вясельных прыказках, прымаўках і прыпеўках.
Вялікую ўвагу фальклорны гурт ”Купалінка“ надае распрацоўцы і пастаноўцы тэатралізаваных святаў і абрадаў. Традыцыйным стала пастаноўка абраду ”Ваджэння Казы“. Удзельнікі калектыву на кані, упрыгожаным шумёламі, аб’язджаюць вясковыя хаты, віншуюць са святам, паказваюць невялікае тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам Казы, Жорава, Мядзведзя, Доктара, Цыганкі і Звяздара.
Калектыў ”Купалінка“ аднавіў мясцовы абрад ”Спяванне Хрыстосу пад акном“, паказаў гледачам цікавы і незаслужана забыты мясцовы траецкі абрад ”Кумленне“ (траецкія песні ”Ой, ты, Сёмуха, ой, зялёная“, ”Пойдзем, дзевачкі, у луга гуляць“).
Калектыў ажыццявіў пастаноўку абраду ”Васілле“, тэатралізаванага свята ”Святы Пакроў – усе дамоў“, тэатралізаванага купальскага свята з выкарыстаннем мясцовых купальскіх абрадавых песень ”А на Яна ночка мала“, ”Перад Пятром пятым днём“, ”А на Яна дзеўкі зёлкі збіралі“, ”Як я ў зёлакі пайшла“ і др.).
Штогод народны фальклорны гурт ”Купалінка“ пры падтрымцы сельскагаспадарчых арганізацый ладзіць абрад ”Зажынкі“. Падчас ”Зажынак“ сталыя жанчыны спяваюць абрадавыя жніўныя песні ”Жніце, жніце, любы жнейкі“, ”Дзеванька-сіротанька“ і др., зажынаюць першы сноп, уручаюць яго кіраўніку гаспадаркі з пажаданнямі добрага намалоту. Абрад ”Зажынкі“ напоўнены многімі абрадавымі дзеяннямі. Адно з іх – перавязванне камбайнёраў (даўней жнеяк) ”пераясламі“ (вязьмо з саломы), пры гэтым кажучы: ”… і каб спінка не балела і ручкі не млелі! “.
Стала традыцыяй правядзенне сумесна з іншымі клубнымі ўстановамі абраду ”Загаўленне“ (”Піліпаўская вечарына“), які напоўнены пазаабрадавымі песнямі, мясцовымі побытавымі танцамі і карагодамі.
Народны фальклорны гурт ”Купалінка“ займаецца не толькі аднаўленнем мясцовых абрадаў, але і вядзе насычаную канцэртную дзейнасць, з’яўляецца пастаянным удзельнікам раённых і абласных святаў і конкурсаў. Так, на абласным свяце-конкурсе вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая Вясельніца – 2017“ калектыў паказаў абрад ”Каўшэлеўская вясельная брама“, у турніры народных танцаў у межах ХХVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ паказаў мясцовы аўтэнтычны стараверскі карагод ”Заінька шэры“, прымаў удзел у турніры нацыянальных танцаў у межах ХХVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“. У абласным свяце-конкурсе вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая Вясельніца – 2019“ за абрад ”Сватанне“ атрыманы дыплом лаўрэата І ступені ў намінацыі ”Без мяне мяне жанілі“.
Народны фальклорны гурт ”Купалінка“ штогод прымае ўдзел у рэгіянальным свяце ”Яблычны Спас“, які традыцыйна праходзіць на радзіме вядомага садавода-селекцыянера І.П.Сікоры ў в. Алашкі Шаркаўшчынскага раёна.
У Каўшэлеўскім Доме фальклору наладжана выстава фотаматэрыялаў ”Летапіс творчага жыцця“ аб дзейнасці гэтага калектыву.
Удзельнікі народнага фальклорнага калектыву ”Купалінка“ заўсёды знаходзяцца ў творчым пошуку, з павагай адносяцца да нацыянальнай спадчыны і з вялікім задавальненнем вывучаюць і прапагандуюць нашу беларускую культуру.