ДУК ”Раённы цэнтр народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Дубровенскага раёна“



Фальклорны калектыў “Кудзеліца” створаны пры раённым Доме культуры ў 1995 годзе. У 2003 годзе калектыву прысвоена найменне “народны”.
З 2022 года калектывам кіруе Таццяна Уладзіміраўна Чабатарова, з 2000 года яна з’ўлялася яго актыўным удзельнікам.
Прыярытэтнымі накірункамі для народнага фальклорнага калектыву “Кудзеліца” з’яўляюцца: адраджэнне, захаванне і папулярызацыя традыцыйнай народнай культуры, замацаванне духоўнай сувязі пакаленняў, заснаванай на нацыянальных каштоўнасцях.
Удзельнікі выступаюць ў рэгіянальных сцэнічных касцюмах, пашытых на аснове Дубровенскага строю.
Праз культурна-масавыя мерапрыемствы “Кудзеліца” папулярызуе старадаўнія песні, танцы, гульні, абрады, звычаі, казкі, паданні, набытыя ад носьбітаў фальклору пад час фальклорна-этнаграфічных экспедыцый на Дубровеншчыне, такім чынам, далучаючы сваіх прыхільнікаў да народных традыцый і спадчыны беларускай музычнай творчасці.
Калектыў спявае акапэльна і пад музычна-шумавое суправаджэнне: баяна, трашчотак, тамбурына. Рэпертуар рознабаковы: сямейна-бытавыя, каляндарна-земляробчыя і абрадавыя песні, жартоўныя прыпеўкі. Песенны рэпертуар дапаўняецца народнымі танцамі: “Кракавяк”, “Мяцеліца”, “Падыспань”, “Зялёная рошча”, “Лявоніха”, “Базар”. Калектывам праводзяцца вясельныя абрады і святы народнага календара: Каляды, Гуканне вясны, Купалле і інш.
“Кудзеліца” з’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыйныя вясельныя звычаі Дубровенскага раёна”, занесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Традыцыя вяселля, якая бытуе ў Дубровенскім раёне, складаецца з комплексу звычаяў і гульняў і ўключае: звычай “драць зайца”; абрадавыя гульні: “ганяць маладую на ваду” і “ганяць сучку”, адорванне маладых вясельным “рагатым” караваем. З мэтай папулярызацыі дадзены звычай і абрадавыя гульні калектыў прэзентуе на разнастайных форумах і культурна-масавых мерапрыемствах.
Вясельны “рагаты” каравай Дубровеншчыны быў прадстаўлены калектывам на VII Міжнародным форуме “Традиционная культура как стратегический ресурс устойчивого развития” ў г.Магілёве, Рэспубліканскім свяце “Купалле”, абласной выставе элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ”Скрыжаванне талентаў Віцебшчыны“ ў г.Віцебску.
З мэтай адраджэння і далейшага развіцця традыцыйных вясельных абрадаў Дубровеншчыны народны фальклорны калектыў з’яўляецца пастаянным удзельнікам абласнога свята-конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны “Вялікая вясельніца”. Калектыў прадстаўляў Віцебскую вобласць на выставе традыцыйных вясельных касцюмаў і атрыбутаў Віцебшчыны “Вянок нявесты” ў г.Смаленску Расійскай Федэрацыі. З’яўляецца пастаянным удзельнікам Міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”.