НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ КАЛЕКТЫЎ ”КРЫНІЦА“

Янкавіцкага СДК
ДУК ”Расонскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці“

[ngg src=»galleries» ids=»59″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]

Фальклорны калектыў ”Крыніца“ існуе з 1985 года. Яго заснавальнікам і нязменным кіраўніком з’яўляецца Кавалёва Надзея Канстанцінаўна – годны прафесіянал, актыўная, мэтанакіраваная ў працы, самабытны знаўца спадчыны Расоншчыны, якая з вялікім задавальненнем дзеліцца сваімі ведамі на шматлікіх семінарах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. У ліпені 2000 года калектыву прысвоена ганаровае найменне ”народны“.
У склад народнага калектыву ўваходзяць рабочыя, служачыя, пенсіянеры. Гэта людзі, якія звязалі сваё жыццё з фальклорам: песнямі і пабытовымі танцамі, вуснай народнай творчасцю.
Рэпертуар народнага фальклорнага калектыву ”Крыніца“ заснаваны на мясцовых песнях і танцах. Аднымі з самых адметных з’яўляюцца: танец ”Джанджоха“ і карагод ”Мальцы ідуць“. Удзельнікамі народнага калектыву распрацавана шмат абрадаў: калядныя, веснавыя, купальскія, жніўныя, вясельныя, сямейна-бытавыя, радзінныя, з якімі калектыў выступае перад шматлікімі гледачамі і гасцямі раёна. Штогод калектывам наладжваюцца сустрэчы з носьбітамі, ладзяццца экспедыцыі ў вёскі раёна, па крупінкам збіраецца ўсё, што засталося не выказаным: народныя песні, танцы, плачы, прыпеўкі. На аснове гэтых запісаў папаўняецца рэпертуар. Так развучылі танцы ”Бесы“ і ”Барыня“, прыпеўкі да танца ”Субота“, ”Лявоніха“, ”Зялёная рошча“. Удасканалілі пастаноўку танца ”Джанджоха“, які на сёняшні дзень з’яўляецца візітоўкай раёна.
Паступова абнаўляцецца і папаўняецца музей побытавых рэчаў, ініцыятарам стварэння якога з’явілася кіраўнік народнага фальклорнага калектыву Надзея Канстанцінаўна Кавалёва.
Народны фальклорны калектыў ”Крыніца“ – актыўны ўдзельнік раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных аглядаў, конкурсаў, фестываляў. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам раённага агляду мастацкай творчасці ў рамках ІІ Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва ”Беларусь – мая песня“; лаўрэатам ІІІ Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва ”Берагіня“ (г.п.Акцябрскі, Гомельская вобласць, 2004 г.)
”Крыніца“ прымала ўдзел у такіх міжнародных, рэспубліканскіх і абласных мерапрыемствах, як I Міжнародны Фэст мастацтва галасавой імправізацыі ”Фонтон-2012“, IX Рэспубліканскі этнаграфічны канцэрт ”Фальклор беларускай глыбінкі“ (2012 г.), VIII Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва ”Берагіня“ (2014 г.), абласны конкурс вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая вясельніца“ (2012, 2015, 2017, 2019 гг.), абласное свята гісторыка-культурнай спадчыны, фальклору і рэдкіх традыцыйных рамёстваў ”Букет Паазер’я“ (2013 г.), тэлевізійны творчы праект ”Зорны шлях“ (2013 г.), абласное свята ”Масленічны разгуляй“ (2015 г.), Гала-канцэрт ў межах абласнога фальклорнага форума (2017 г.), дзе неаднаразова была ўзнагароджана дыпломамі лаўрэата.
Калектыў – пастаянны ўдзельнік турніра народных танцаў і абласнога конкурсу народнай музыкі і прыпеўкі ”А музыкі граюць, граюць“, якія праходзяць у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“.
У 2019 годзе народны фальклорны калектыў ”Крыніца“ прыняў удзел у тэлеперадачы ”Наперад у мінулае“ (тэлеканал ”Беларусь 3“); правёў майстар-класы для турыстаў з Венгрыі і Кітая. Цікавай была сустрэча з кітайскімі турыстамі, якія заязджалі ў ”Бабровую хату“. Удзельнікі калектыву планавалі правесці для іх проста канцэрт з фальклорных і беларускіх песень і танцаў, але турысты аказаліся настолькі актыўнымі, што разам танчылі і спявалі рускія і беларускія песні, з задавальненнем прымалі ўдзел у гульнях і майстар-класах.
Амаль кожны год народны калектыў выязджае з канцэртнымі праграмамі ў г. Віляке, г. Карсава ( Латвія). У 2019 годзе ”Крыніца“ прыняла ўдзел у фестывалі фальклору ”Lірa Kust“ (Латвія).
Шматлікая канцэртная дзейнасць, як у раёне, так і за яго межамі, пацвярджае, што народны фальклорны калектыў ”Крыніца“ – папулярны сярод насельніцтва. Перспектыўныя адносіны склаліся ў народным фальклорным калектыве з грамадскім аб’яднаннем ”Расонская раённая ветэранская арганізацыя“, з турыстычнымі арганізацыямі ”Кролава хата“ і ”Бабровая хата“.
Народны фальклорны калектыў ”Крыніца“ неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Расонскага райвыканкама.
Работа народнага калектыву не раз адлюстроўвалася на старонках раённай газеты ”Голас Расоншчыны“.
Народны фальклорны калектыў ”Крыніца“ знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых ідэй. У яго планах шмат творчых задумак.