філіяла ”Бачэйкаўскі сельскі Дом культуры“
ДУК ”Бешанковіцкі раённы цэнтр культуры“
Народны фальклорны калектыў ”Крыніца“ пачаў сваю дзейнасць ў 1985 годзе ў вёсцы Чурылава. Каля былога Дома культуры гэтага населенага пункта ёсць крыніца, якая цячэ і ў цяперашні час. Жанчыны раней каля яе збіраліся і спявалі песні. Адсюль і пайшла назва калектыву ”Крыніца“.
Ганаровае найменне ”народны“ калектыў атрымаў у 2003 годзе за добрасумленную працу па адраджэнні, зберажэнні і развіцці народнай фальклорнай спадчыны, беларускіх нацыянальных традыцый і абрадаў, папулярызацыю беларускай народнай музыкі, песень, танцаў.
Сёння ”Крыніца“ – самабытны, цікавы і папулярны фальклорны калектыў ў Бешанковіцкім раёне і за яго межамі.
З 2020 года кіраўніком народнага фальклорнага калектыву ”Крыніца“ з’яўляецца Ірына Уладзіміраўна Абалевіч. У склад калектыву ўваходзяць 15 чалавек розных прафесій і ўзростаў: медыцынскія работнікі, бібліятэкары, настаўнікі, вучні сярэдняй школы, пенсіянеры, работнікі культуры. Творчы патэнцыял калектыву расце, адкрываючы новыя перспектывы для яго ўдзельнікаў.
Пры ”Крыніцы“ створаны дзіцячы аматарскі вакальна-харавы гурт ”Ручаёк“, у якім дзеці з задавальненнем спяваюць беларускія песні, танцуюць пабытовыя танцы, удзельнічаюць у абрадах.
Рэпертуар народнага фальклорнага калектыву складаюць беларускія і рускія народныя песні, аўтарскія песні і вершы, побытавыя танцы, а таксама мясцовы фальклорны матэрыял. Гэта песенная творчасць, у якую ўваходзяць абрадавыя, лірычныя, сямейна-бытавыя песні, гульні. Пошуковая дзейнасць не спыняецца ні на хвіліну.
Візітнай карткай стала аўтарская песня ”Крыніца“ на словы Галіны Гарбадзей і музыку Ірыны Кавалеўскай. Удзельнікі калектыву адрадзілі мясцовыя танцы ”Бачэкаўская кадрыля“ і ”Лянцяй“, якія дэманструюць іх падчас сваіх выступленняў.
Калектывам распрацаваны сцэнарый даўняга звычая ”Вячоркі“, які быў запісаны ад мясцовага носьбіту фальклору Надзеі Фёдараўны Ганусевіч.
Фальклорны калектыў – пастаянны ўдзельнік абласнога свята-конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая вясельніца“, раённага фестывалю духоўнай творчасці і культуры ”Жнівеньскія спасы “.
За зберажэнне і папулярызацыю культурнай спадчыны Беларусі ў 2012 годзе фальклорнаму калектыву Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь была выказана падзяка за ўдзел у ІХ Рэспубліканскім этнаграфічным канцэрце ”Фальклор беларускай глыбінкі“. За вялікі ўклад у развіццё самадзейнай мастацкай творчасці, адраджэнне і захаванне нацыянальных традыцый, звычаяў і абрадаў у 2013 годзе калектыў быў узнагароджаны Ганаровай граматай Бешанковіцкага раённага выканаўчага камітэта.