НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ КАЛЕКТЫЎ ”КРУГЛІЦА“

Кругліцкага СДК ДУ ”Чашніцкі РЦКіНТ“

[ngg src=»galleries» ids=»65″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]

Ні дня без песні не могуць пражыць удзельнікі народнага фальклорнага калектыву ”Кругліца“. Любоў да яе згуртавала людзей розных прафесій і ўзростаў у адзін творчы калектыў, які існуе ўжо больш за 40 гадоў.
Народны фальклорны калектыў ”Кругліца“ створаны ў 1976 годзе на базе Кругліцкага сельскага Дома культуры. З 1976-1994 гады калектыў узначальвала Жылінская Валянціна Віктараўна. Яна сабрала каля сябе таленавітых і адданых роднай зямлі жанчын. У склад калектыву ўваходзіла 12 чалавек. З 1995-2006 гады калектывам кіравала Касцянка Людміла Ягораўна. У 2006 годзе кіраўніком калектыву зноў стала Жылінская Валянціна Віктараўна, а ў 2008 годзе перадала кіраўніцтва Нямчонак Алёне Пятроўне. З 13 студзеня 2015 года калектыў узначальвае Хадасевіч Тамара Аркадзьеўна. А дапамагае арганізоўваць канцэрты яе муж і акампаніятар Валерый Барысавіч. Былыя педагогі ўжо даўно перакваліфікаваліся ў работнікаў культуры, а іх дом больш нагадвае музычную студыю, дзе з’яўляюцца новыя песні, сцэнары, цікавыя ідэі. Для творчага шлюбнага тандэму песні і музыка – не проста захапленне, а любімая справа. І аб’ядноўваюць яны вакол сябе людзей, якія любяць спяваць, памятаюць песні і абрады сваіх продкаў, якія жадаюць перадаць іх нашчадкам. На сёння ў складзе калектыву 15 чалавек. Самая старэйшая ўдзельніца размяняла дзявяты дзясятак, а малодшай – крыху больш за 20.
20 снежня 2007 года фальклорнаму калектыву “Кругліца” было нададзена ганаровае найменне ”народны“.
Асноўнымі напрамкамі дзейнасці народнага калектыву з’яўляюцца: экспедыцыйна-даследчая дзейнасць; адраджэнне і зберажэнне рэгіянальных святаў і абрадаў, песеннай і танцавальнай, народнай вуснай творчасці; далучэнне дзяцей і моладзі да рэгіянальнага фальклору. Галоўная мэта калектыву – адраджэнне народных традыцый, захаванне творчай спадчыны і самабытнасці народнага мастацтва.
Пры народным калектыве ”Кругліца“ дзейнічае дзіцячы фальклорны калектыў ”Крынічанька“, які прымае актыўны ўдзел у правядзенні народных святаў і абрадаў.
Калектыў ”Кругліца“ радуе не толькі мясцовых жыхароў сваімі песнямі, але ён – часты госць з канцэртамі ў іншых населеных пунктах раёна, пастаянны ўдзельнік раённых, абласных і нават рэспубліканскіх мерапрыемстваў.
Кожны год скарбонка народнага фальклорнага калектыву поўніцца новымі дасягненнямі. Акрамя традыцыйных калядак, масленічных, купальскіх гулянняў, абраду ”Зажынкі“ і іншых святаў народнага календара, калектыў прымаў удзел у тэлепраграмме ”Вячэрні Віцебск“ (тэлерадыёкампанія ”Віцебск“) і тэлепраекце ”Наперад у мінулае“ (тэлеканал ”Беларусь 3“), у тэлевізійнам творчым праекце ”Звездный путь“ (телекампанія ”СКІФ“). Штогод калектыў ”Кругліца“ запрашаюць на Міжнародны фестываль ”SPRAVA“, які ладзіцца ў в. Белая Царква Чашніцкага раёна.
Творчы поспех народнага калектыву ”Кругліца“ складаецца з багатага вопыту і любові да беларускай народнай творчасці, адданасці справе. Кожны выхад на сцэну – вялікая адказнасць. Рэпертуар калектыву уключае больш за 90 песень і абрадаў.
За творчую дзейнасць народны фальклорны калектыў ”Кругліца“ мае больш за 30 узнагарод, сярод якіх: Лаўрэат заключнага абласнога агляду-конкурсу фальклорнага мастацтва Віцебшчыны ”Ад прашчураў да зор“ у рамках ІІ Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва ”Беларусь – мая песня“ (2005 г.); Лаўрэат ІІ Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва ”Беларусь – мая песня“, прысвечанага 60-годдзю Вялікай Перамогі (2005 г.).
Акрамя ўдзелу ў раённых святах за апошні час калектыў прыняў удзел у абласных мерапрыемствах: абласным свяце-конкурсе вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая вясельніца“ (г.п.Ушачы, 2017 г., г.п.Расоны, 2019 г.), конкурсе тэматычных тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў вобласці ”Вандроўкі па роднаму краю“ ў рамках ХХVІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ (г.Віцебск, 2019 г.).