філіяла ”Істаўскі сельскі клуб“
ДУК ”Міёрская цэнтралізаваная клубная сістэма“
Фальклорны калектыў ”Іставіца“ быў створаны на базе Істаўскага сельскага клуба ў 1985 годзе. Ганаровае найменне ”народны“ нададзена ў 2011 годзе. Ініцыятарам стварэння калектыву была Марыя Іванаўна Анікеева, якая ў той час працавала мастацкім кіраўніком сельскага Дома культуры. Маючы арганізатарскія і творчыя здольнасці, яна змагла зацікавіць і аб’яднаць жанчын пенсійнага ўзросту, якія ведалі звычаі і традыцыі сваёй мясцовасці: песні, абрады, танцы, гульні. З цягам часу кіраўніцтва калектывам перайшло да Балай Ірыны Мікалаеўны, якая шмат зрабіла для яго творчай работы. Зараз калектывам кіруе Налівайка Раіса Іванаўна, загадчыца сельскага клуба, пры якім працуе калектыў. У складзе гурта 8 жанчын рознага ўзросту, ад 50 і больш год, якіх аб’ядноўвае любоў да фальклорнай спадчыны сваёй мясцовасці – песень, танцаў, абрадаў.
Асноўнай мэтай дзейнасці фальклорнага калектыву ”Іставіца“ з’яўляецца фарміраванне ў мясцовага насельніцтва разумення значымасці аднаўлення, захавання і пераемнасці фальклорных традыцый, а таксама сумесная работа ўстаноў культуры, адукацыі ў выхаванні падрастаючага пакалення сродкамі народнай спадчыны.
Фальклорны калектыў ”Іставіца“ займаецца адраджэннем, зберажэннем і перадачай аўтэнтычнага фальклору сваёй мясцовасці. Накірунак – песенна-абрадавы. Удзельнікі выконваюць абрадавыя песні: жніўныя, купальскія, велікодныя, песні вясельнага цыкла, радзіннай абраднасці. Таксама калектыў займаецца адраджэннем народных абрадаў і святаў.
Адным з асноўных напрамкаў работы гурта з’яўляецца захаванне і перадача фальклорнай спадчыны. Таму, працучы з носьбітамі даўніх традыцый, запісваюцца песні, вершы, прыпеўкі, некаторыя абрады, каб гэта захавалася для наступных пакаленняў. Песні перадаюцца вусным шляхам – носьбітамі-спявачкамі. Праз песні, словы, манеры выканання, раскрываецца багацце і чароўнасць нашай спеўнай прыгожай беларускай мовы.
У рэпертуары калектыву – абрадавыя, пазаабрадавыя, каляндарныя, жартоўныя песні, народныя танцы.
Фальклорны гурт прымае актыўны ўдзел у раённых мерапрыемствах. Паспяхова выступае на свяце горада, пастаянна ўдзельнічае ў раённых аглядах-конкурсах, на якіх займае прызавыя месцы. Калектыў прымае удзел у мерапрыемствах, якія праводзіць Істаўскі сельскі клуб. З іх удзелам праходзяць народныя святы і абрады: Раданіца, Вялікдзень, Каляды, Пакроў, ”Бедная куцця“, ладзяцца вячоркі. Удзельнікі калектыву наведваюць аматарскае аб’яднанне ”Сударушка“, дзе вядуць размовы аб нацыянальных стравах, народных гульнях і абрадах.
У Істаўскім сельскім клубе вядзецца работа па падбору і абнаўленні рэпертуару, складаюцца сцэнарыі мерапрыемстваў і святаў, абрадаў і канцэртных праграм. Створана картатэка носьбітаў фальклорных традыцый, маецца фанатэка абрадавых песень, відэазапісы выступленняў. Вядзецца работа па стварэнні фотавыставы з выступленняў ”Іставіцы“ і па зборы экспанатаў даўніны ў музей “Сялянская хата”, які створаны ў 2017 годзе.
У жніўні 2019 года калектыў адзначыў юбілей гурта. Было арганізавана ўрачыстае мерапрыемства, на якім гучалі песні, прыпеўкі, віншаванні ад калег.