філіяла ”Язненскі сельскі Дом культуры“
ДУК ”Міёрская цэнтралізаваная клубная сістэма“
Фальклорны калектыў ”Язынка“ вядзе свой адлік з 1987 года. Ганаровае найменне ”народны“ нададзена ў 2011 годзе. Мастацкім кіраўніком з’яўляецца дырэктар Язненскага СДК Бервячонак Ларыса Генадзьеўна, музычным кіраўніком калектыву – выкладчык Язненскага філіяла ДУА ”Міёрская дзіцячая школа мастацтваў“ Карпаў Міхаіл Пятровіч. Калектыў мае песенна-абрадавы накірунак. У 2017 годзе гурт ”Язынка“ адзначыў свае 30-годдзе падчас раённага фальклорнага свята ”Нам засталася спадчына“.
Фальклорны гурт наведваюць 15 чалавек, з іх – 4 пенсіянеры, 11 чалавек працуючых.
Народны фальклорны гурт ”Язынка“ у сваёй дзейнасці грунтуецца на цеснай сувязі з носьбітамі аўтэнтычнага фальклору, якія пражываюць на тэрыторыі Язненскага сельскага Савета. З іх дапамогай былі зроблены запісы купальскіх, жніўных, вясельных, хрэсьбінных песень, побытавых танцаў і інш., шмат абрадаў сваёй мясцовасці, а таксама гульні і рэцэпты даўнейшых страў. На аснове гэтых звестак адноўлены абрады: ”Вечарына на багатую куццю“, ”Заручыны“, ”Вяселле“, ”Талочная вечарына“, ”Хрэсьбіны“.
Дзеля захавання беларускай народнай спадчыны ўдзельнікі гурта займаюцца адраджэннем аўтэнтычнага фальклору, беларускіх народных абрадаў, звычаяў сваёй мясцовасці, у сваім рэпертуары выкарыстоўваюць беларускія народныя песні, танцы, гульні, арганізоўваюць фальклорныя экспедыцыі.
Фальклорны гурт ”Язынка“ актыўна прапагандуе традыцыі свайго краю, выступае перад рознымі катэгорыямі насельніцтва не толькі ў Міёрскім раёне, але і ў іншых. Калектыў – актыўны ўдзельнік раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў: абласнога свята-конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны ”Вялікая вясельніца“, мерапрыемстваў у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“, абласнога свята аматарскіх абʼяднанняў ”Яблычны фэст“, Рэспубліканскага кірмашу рамёстваў ”Вясновы букет“. Таксама кожны год гурт ўдзельнічае ў раённым фальклорным свяце ”Перабродская зорка“. З яго удзелам праходзяць святы народнага календара Купалле, Каляды, Вялікдзень, Дажынкі і іншыя. Калектыў шмат разоў станавіўся пераможцам раённага агляду-конкурсу мастацкай творчасці. Народны фальклорны гурт ”Язынка“ – пастаянны ўдзельнік экалагічнага фестывалю ”Журавы і журавіны Міёрскага краю“. Не раз прадстаўляў мясцовы фальклор у Латвіі.